«Як кілька ў бляшанцы». У Глыбокім грамадскі транспарт стаў раскошай


Таўканіна ў гадзіны пік і брак грамадскага транспарту ў абедзенны і вечаровы час… Гэта можна сказаць пра шматлікія мястэчкі краіны, але ў прыватнасці пра Глыбокае, што на Віцебшчыне. Праблеме аўтобуснага злучэння там каля 10 гадоў: горад расце, але за ім не імкнецца аўтобусная сетка.

Ад канцавога прыпынку «Дом Культуры» да навабудаў – паўтара кіламетры пешкі. На іншых маршрутах – у аўтобус не ўвайсці. Яўген Бельчанкоў, жыхар Паўночнага мікрараёну Глыбокага, распавядае:

«Асабліва калі браць маршрут «Цэнтр-Больніца», Паўночны мікрараён разбудаваны, столькі людзей, дзяцей, школы, усё гэта бітком, як кілька ў бляшанцы. Гэта жах нейкі, асабліва ў бок больніцы».

Гэта пра гадзіны пік, калі дзеці дабіраюцца да школаў, а асноўная плынь – у больніцу і на працу. У Яўгена Бельчанкова і працоўны графік іншы, і праблема: ад 14 да 16 гадзіны грамадскі транспарт ходзіць раз на 30-40 хвілін, а пасля 18 гадзіны – адзіны рэйс і апошні рэйс каля 20-ай:

«Колькі разоў сам бачыў, чалавек сядае ў маршрутку, адчыняе гаманец, там ляжыць «праязны» на лістапад, а ён дадаткова аддае 80 капеек у маршрутцы. З праязным даехаў да працы, а назад… аўтобуса няма і ён плоціць двойчы».

Больніца, Паўночная, Цэнтр, МКК, Садовая… найменш даступныя ці перагружаныя напрамкі. Жыхары Глыбокага пералічваюць:

«Аўтобус №7 ходзіць раненька раніцою з Садовай, то я калі сядаю на Дзяржынскага, то аўтобус поўны».

«Насельніцтва павялічваецца, дамы растуць як грыбы, а што яшчэ… транспарт трэба даць дадатковы, каб да абеду хадзіў – 2 аўтобуса».

«Я б павялічыла частату аўтобусаў, каб школьнікам было лягчэй дабірацца да школы».

Жыхары Глыбокага складаюць зварот да дэпутата Уладзіміра Андрэйчанкі, бо мясцовая вертыкаль праблему не развязала. Ворша, парк якой на загад Лукашэнкі ўкамплектоўваюць новымі аўтобусамі, пераганяе ў Глыбокае старыя – няспраўныя…

Таццяна Маркавец, дыспетчар Глыбоцкага аўтобуснага парку:

«Трэба шмат сродкаў у той аўтобус укінуць. Тое самае будзе з другім, па які паехалі, бо Ворша аднаўляць іх не бярэцца. Пакуль новыя аўтобусы не прыйдуць (пакуль не набудзе іх нашае кіраўніцтва) – нічога ў нас не зменіцца. Райвыканкам нам нічым не дапаможа, ён жа грошай нам не выдаткуе. Андрэйчанка (дэпутат Палаты Прадстаўнікоў – рэд.) абяцаў – не абяцаў у Паўночным мікрараёне школу пабудаваць».

Свая школа ў мікрараёне «Паўночны» разгрузіла б прынамсі адзін напрамак. Але што з іншымі? Сродкаў на зручны транспарт няма ўжо дзясятак гадоў, але знаходзяцца на зручную для ўлады інфраструктуру.

Юлія Цяльпук belsat.eu