Як каронавірус уплывае на сем'і?


Даследаванне ЮНІСЭФ закранула больш за тысячу беларускіх семʼяў, якія падзяліліся прычынамі пагаршэння свайго эмацыйнага стану. Прыкметы дэпрэсіі ёсць у больш як траціны беларускіх бацькоў. І асноўная прычына праблемаў з псіхалагічным станам – пагаршэнне фінансавага становішча падчас эпідэміі COVID-19. Эксперт мяркуе, што ў найбольш уразлівым становішчы апынуліся жанчыны. Прычынаў таму некалькі…

«Ёсць розніца ў аплаце працы. Гэта і Белстат у нас фіксуе гэтыя працэнты кожны год. Традыцыйны абавязак, які часта звальваецца менавіта на жанчыну: клопат аб пажылых, дзецях. Акрамя таго, шмат жанчын занятыя, каля 80 %, у сацыяльнай і медычнай сферы», – тлумачыць Кацярына Шмаціна з Беларускай арганізацыі працоўных жанчын.

Апытанне Беларускай арганізацыі працоўных жанчын паказала, што 30 адсоткаў рэспандэнтак ужо сутыкнуліся з фінансавымі цяжкасцямі.

«Адзін з нядаўніх кейсаў звароту жанчыны да юрыста па абароне правоў быў у тым, што ёй прапанавалі дадатковыя ўмовы да кантракту з памяншэннем заробку ў два разы. І прапанавалі падпісаць усё прамінулым днём», – кажа Кацярына Шмаціна.

Але гэта не адзіныя прычыны, што ўплываюць на пагаршэнне псіхалагічнага стану, у тым ліку і мужчынаў. Асабліва складана даводзіцца семʼям з дзецьмі.

«Бацькі трапілі ў сітуацыю, калі ім давялося быць у ролевым канфлікце. Яны і бацькі, і выхавальнікі, і для тых, хто вучыцца ў школе, дадалася функцыя яшчэ і настаўніка. Выхоўваць, выбудоўваць межы, арганізоўваць побыт», – дзеліцца досведам магістр псіхалагічных навук Таццяна Зайцава.

Мы спыталі беларускіх бацькоў, як на іх паўплывала складаная эпідэмічная абстаноўка:

«Дзіця ўдома. Менш працуеш, больш застаешся ўдома. Плюс псіхалагічныя моманты. І для дзіцяці ў тым ліку».

«Не, у нас нічога не змянілася. Мы хадзілі ў садок, групы былі адкрытыя, не сумяшчалі іх. Усё добра. Ну, і я працую, як і працавала».

«На псіхалагічны, толькі на псіхалагічны стан паўплываў».

Групы бацькоў, схільных да дэпрэсіі ды эмацыйнага выгарання, былі і да складанасцяў, звязаных з эпідэміяй.

«Шматдзетныя семʼі, дзе больш за адно дзіця, малодшае за 5 гадоў. Бацькі-перфекцыяністы. Няпоўныя семʼі сюды адносяцца. Бацькі, якія выхоўваюць дзяцей, якія часта хварэюць», – кажа Таццяна Зайцава.

Рэжым самаізаляцыі, праблемы на працы ды адсутнасць псіхалагічнай дапамогі толькі пагаршаюць праблемы ў такіх семʼях.

Алена Дубовік, «Белсат»