Як Гомельскі гарвыканкам «адціскае» у гараджанаў 20 падсобак


У Беларусі грамадзяне не маюць права на валоданне зямлёй, яна ўся належыць дзяржаве. Мы можам валодаць толькі будынкамі. І калі зямельныя інтарэсы дзяржавы і грамадзянаў не супадаюць, узнікаюць канфлікты. Да «Белсата» звярнуліся жыхары Гомля, якія змагаюцца супраць гарадскіх уладаў і камунальнікаў за свае пабудовы.

Жыхары вуліцы Сялянскай у цэнтры Гомля добраўпарадкавалі свой двор з 1957 года, калі засяліліся. За свой кошт садзілі дрэвы, рабілі кветнікі ды альтанку.

«Што зрабіла домаўпраўленне: прыбрала прыгожую альтанку, прыбрала агароджу на кветніках, на якія мы самі збіралі грошы і ставілі. Сказалі: мы вам паставім новыя. Гэта было 5 гадоў таму», – распавядае жыхарка Гомля Тамара.

І 5 гадоў як ідзе змаганне між гараджанамі ды гарадскімі ўладамі вось за гэтыя 20 падсобак – пабудовы для захоўвання асабістых рэчаў і закрутак. Капітальныя паграбы, моцнае дрэва – усё гэта людзі хочуць адрамантаваць за свой кошт.

«Канешне, яны выглядаюць не вельмі прэзентабельна. Ёсць той, на які ўпала дрэва, і на гэтую пабудову пастаянна паказваюць пальцам. Але гаспадар не можа нічога рабіць, бо няма ніякай дакументацыі, на падставе якой ён можа рэканструяваць свой сарай», – тлумачыць сітуацыю Ігар Трызна, жыхар дому №18 на вуліцы Сялянскай.

Чыноўнікі з гарвыканкаму патрабуюць знесці пабудовы. Прыязджалі інспектары з Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, бо падсобкі нібыта ў аварыйным стане, клеілі стужку «Небяспечна». Прыязджалі камунальнікі, спрабавалі заварыць уваход металам. Людзі патрабавалі дакументы на гэтыя працы, камунальнікі выклікалі міліцыю. І хаця ў верасні камісія адміністрацыі Цэнтральнага раёну «дала дабро» на рэканструкцыю падсобак за кошт уладальнікаў, пазней тая ж адміністрацыя падала на грамадзянаў у суд.

«Як можна сабраць людзей, сказаць, што ўсё нармальна, вылучаем зямлю, замаўляйце праекты, займайцеся. Як вынік – нас выклікаюць у суд», – абураецца ўладальніца падсобкі Ларыса.

Жыхары дому нанялі адваката, які патрабаваў прадставіць дакументы пра неабходнасць зносу, а не толькі меркаванне, што падсобкі непрыгожыя.

«Трэба дакументы, бо мы жывем у прававой дзяржаве. І ў трэці раз, калі запрасілі, то адміністрацыя Цэнтральнага раёну забрала сваю позву», – распавядае Алена, уладальніца падсобкі.

Цяпер дакументы на разглядзе ў камунальнікаў, рашэння няма, а людзі вядуць перапіску з усімі дзяржаўнымі органамі.

«У нас падазрэнне, што ўсё гэта робіцца адмыслова, каб бударажыць людзей, каб нас пераканаць, што нельга давяраць уладзе», – абураецца Ігар Трызна.

Пры гэтым неафіцыйна гараджане маюць звесткі, што замест іхных гаспадарчых пабудоваў улады плануюць узвесці яшчэ адну аўтастаянку для абласнога ўпраўлення міліцыі.

«Па вялікім рахунку, гарадскія ўлады мусілі распрацаваць праект дэталёвай планіроўкі, на гэтым праекце мусілі паказаць, што плануюць зрабіць, знос, пабудова ці парк, і вынесці на грамадскае абмеркаванне, каб гараджане маглі выказацца: падабаецца ці не падабаецца, парушае ці не парушае», – тлумачыць урбаніст з ініцыятывы «Горад для гараджан» Дзяніс Кобрусеў.

Дзяніс Кобрусеў дадае: калі зносіць гэтыя будынкі для гарадской неабходнасці, то іх уладальнікі маюць права на кампенсацыю.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»