Як «Белсат» дапамог – распавядаюць жыхары Віцебску і Берасця


Заўтра «Белсат» адзначае 12-ты Дзень народзінаў. За гэтыя гады мы не толькі інфармавалі гледачоў пра навіны Беларусі і свету, але і дапамаглі развязаць некаторыя праблемы. Як? Мы проста робім сваю працу.

Розгалас аб нядбайнасці мясцовых уладаў, напрыклад, паспрыяў рамонту дарогі ў Віцебску, а таксама двара ў Берасці. Два гады жыхары прыватнага сектару 5-ты Камунальны ў Віцебску дамагаліся рамонту дарогі, але штораз ім адмаўлялі. Прычына – не стае грошай.

«Пасыпалі буйны друз. На вазку ні прайсці, ні праехаць. Не кажучы ўжо пра тое, што дзеці гуляюць».

«У 1975 годзе вось гэтую дарогу рабілі. Мы тут столькі жывем».

«Разы тры, напэўна, падавалі заяву: дарогі, дарогі. Так яны і засталіся», – кажуць жыхары Віцебску.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Журналісты «Белсату» дапамаглі жыхарам раёну і зрабілі два сюжэты аб праблемах віцяблянаў. Ірына Захарава, жыхарка Віцебску, дзеліцца:

«Жыхары гораду часцей сталі звяртацца да «Белсату», да журналістаў, бо менавіта яны, а не БТ і астатняе дзяржаўнае тэлебачанне асвятляюць праблемы ў нашай краіне ў цэлым».

Пасля таго, як у траўні сюжэт аб праблемах жыхароў Віцебску выйшаў у эфір нашага тэлеканалу, мясцовыя ўлады знайшлі сродкі для дарожнага рамонту. Цяпер жыхары прыватнага сектару ходзяць ды ездзяць па новым роўным асфальце.

«Можна з сабакамі нармальна пагуляць, з дзецьмі, з вазкамі, таму велізарны ім дзякуй. Думаем, што яшчэ недзе зробяць добрую справу, не толькі тут», – гаворыць жыхарка Віцебску.

Іншы прыклад дапамогі нашага каналу ў Берасці. Сёлета на пачатку жніўня «Белсат» распавядаў гісторыю змагання берасцейцаў з мясцовымі ўладамі. Жыхары дому нумар 18 на вуліцы Валгаградская прасілі зрабіць паркоўку каля дзіцячага садка, каб было бяспечна дзецям і камфортна бацькам на аўтах.

«Пакуль хто-небудзь не наедзе на гэтага пешахода. Або гэты пешаход таксама не штурхне машыну або падрапае шкло», – кажа Валянцін Лазарэнкаў, жыхар Берасця.

Замест чаканай паркоўкі, на якую, паводле чыноўнікаў, грошай не было, пачалося будаўніцтва пешаходнай дарожкі. Знішчалася зялёная зона, пілаваліся дрэвы, пасаджаныя жыхарамі дому. Апроч таго, праектавая дакументацыя ўвогуле адсутнічала. Фёдар Петрусевіч, эксперт у будаўніцтве, тлумачыць:

«Парушаны закон аб архітэктурна-будаўнічай дзейнасці! Павінныя запытаць меркаванне – у нашага народу ніхто меркавання не запытвае. Ставяць перад фактам. І нічога не даможашся».

А, можа, усё ж даможашся? Пасля выхаду на нашым тэлеканале сюжэту сітуацыя пачала выходзіць з піке. Кіраўніцтва гораду сустрэлася з жыхарамі. І адною размовай не абышлося! Будоўлю пешаходнай дарожкі прыпынілі, пляцоўку вярнулі ў пачатковы стан. Жыхары задаволеныя. Валянцін Лазарэнкаў, жыхар Берасця:

«Магчыма, каб не было гэтага сюжэту, ужо б сёння тут была асфальтавая дарога, якая таксама планавалася са словаў будаўнікоў. Так што дзякуй вам! Зробім тое, што мы планавалі, і пойдзем па нашым плане, а не толькі так, як думае горад у сваіх бюракратычных паперах».

Але ў двары развязаныя яшчэ не ўсе праблемы – паркоўкі пакуль дамагчыся не ўдалося. Таму перапіска берасцейскіх актывістаў з чыноўнікамі працягваецца. Мы будзем сачыць за далейшым развіццём падзеяў. І не толькі ў Берасці.

Анастасія Русецкая, Дзіяна Раткевіч belsat.eu