Як адзін чалавек можа змяніць навакольнае асяроддзе

«Вось тут усё было, тут ляжала вялікая колькасць смецця, тут мы паспелі прыбраць да таго, як трава вялікая вырасла», – распачынае сваю экскурсію па затоцы Дняпра жыхарка Магілёва Надзея Бацілава.

Яна разам з сяброўкаю сёлета сабралі тут каля 20 кубаметраў смецця. З зімы жанчыны ходзяць на затоку як на працу ды збіраюць бутэлькі, пакункі і побытавыя адкіды. Чужую працу жанчыны робяць абсалютна бясплатна.

«Я заўважыла, што адзін чалавек, калі пачынае кожны дзень метадычна адну і тую ж работу, мэтанакіравана яе працягвае, то вельмі хутка ўжо заўважны вынік», – тлумачыць Надзея Бацілава.

Вынікі заўважылі нават тыя, хто гэтае смецце па сабе пакідае – шмат якія рыбакі ды аматары адпачыць на прыродзе: хто проста аддзячыў, а хто і дакінуў свой пакунак у агульную кучу. Сярод смецця пераважае пластык – самы небяспечны адкідак: ён распадаецца на мікрапластык, які вельмі доўга раскладаецца. Пра небяспеку пластыку ў траве тлумачыць на пальцах эколаг Ганна Скрыган:

«І гэты мікрапластык трапляе ў вадаёмы, трапляе па харчовых ланцужках у жывыя арганізмы і ў выніку, асабліва ў дачыненні рыбных прадуктаў, мы ўжываем, я не ведаю, колькі там рыбы, але вельмі шмат пластыку і цяжкіх металаў».

Па заяўках неабыякавых жанчын у затоцы Дняпра ўрэшце з’явіліся кантэйнеры для збору смецця.

«Мы не толькі прыбіраем, мы яшчэ і вядзём: я тэлефаную, Валя піша лісты – і гэта аказвае такое вялікае ўздзеянне на тых, хто можа нам дапамагчы. Напрыклад, вельмі добра тут працаваў «Жылкамунгаз», – працягвае сваю гісторыю Надзея Бацілава.

Самым камунальнікам даглядзець усе месцы стыхійнага адпачынку грамадзянаў проста не стае рук, але яны згодныя па заяўках вывозіць сабранае актывістамі смецце. Іншая жыхарка Магілёва Воля Семчанка так тлумачыць сваю матывацыю да прыбірання навакольнага асяроддзя:

«Я проста шпацыравала, бавіла час і мне адразу стала брыдка, што пад нагамі бутэлькі пластыкавыя валяюцца, і я не магу гэтага не заўважаць».

Воля распачала ўласную прыборку ў іншым канцы Магілёва. Пасля працы дзяўчына любіць граць на музычных інструментах і маляваць навакольнае асяроддзе. Аднойчы яна сустрэла ў лесе казулю і лісу.

«Усё ўпіраецца ў людскую псіхалогію: больш адукацыі, больш такога актывізму зялёнага ды каб людзі проста прыходзілі семʼямі і ты прыйшоў на месца на нейкае і не проста не выкінуў смецця, а яшчэ і сам падабраў, ачысціў», – кажа Воля Семчанка.

Пра свае прыгоды ў Палыкавіцкім лесе Воля распавядае ў сацыяльных сетках. Не каб пахваліцца, а каб матываваць на прыбіранне іншых. І гэта правільны крок, кажа Ганна Скрыган:

«Вось асабістыя ініцыятывы, якія проста не хочуць бачыць бруднай тэрыторыі, яны адыгрываюць вельмі вялікую ролю ў выхаванні культуры. Натуральна, пра гэта трэба ўсім распавядаць і казаць».

Як зберацеся на прыроду, не забудзьце ўзяць з сабою пальчаткі і пакункі на смецце. Бо вядома: у чыстым месцы выкінуць смецце цяжэй, як у забруджаным.

Вольга Васільева, «Белсат»

Глядзі таксама