«Яго ўдарылі ў вока, пасля рэзалі нажом». Новыя бясчынствы міліцыі ў Берасці


Паламаныя рэбры і рука, чорныя ад сінякоў ногі. Гэтак для жыхара Берасця Сяргея Каляды і ягонага сябра Аляксандра скончылася сустрэча з міліцыянтамі Маскоўскага РАУСу.

Дзень 7 траўня не прадказваў нічога кепскага

Сябры вырашылі сустрэцца ў кавярні «Казка», каб выпіць ды паразмаўляць. Маладзёны былі на падпітку. Каля 15-й гадзіны яны хацелі сесці ў таксоўку, але іх затрымалі ды прывезлі ў апорны пункт.

«Яны не супраціўляліся. Яны былі спакойныя», – узгадвае прадавачка кавярні.

У пастарунку міліцыянты пачалі жорстка збіваць

«Яго ўдарылі ў вока, пасля рэзалі нажом, каб кроў сышла», – сведчыць Сяргей Каляда, сябра Аляксандра.

Самі пацярпелыя няшмат распавядаюць. Ім цяжка размаўляць праз шматлікія пабоі. Больш падрабязнасцяў журналісты «Белсату» даведаліся ад сваякоў і блізкіх Сяргея.

«Завялі ў апорны пункт, што на Мантане. Там, як ён казаў, іх білі пятнаццаць чалавек. Нейкі маладняк біў», – дзеліцца сябар сям’і Віталій Казак.

Абяцалі забіць

Збітыя маладзёны пабаяліся звярнуцца да дактароў. Аднаму з іх стала кепска 9 траўня, іншы трапіў у шпіталь на наступны дзень.

«Яны прыйшлі да мяне. Я прапанавала адразу выклікаць хуткую. Яны адмовіліся. Казалі, што ім пагражалі, што ўвогуле забʼюць, калі яны напішуць заяву ці паскардзяцца», – шчыруе Раіса, маці Сяргея.

Сваякі пацярпелых высвятляюць прозвішчы адказных міліцыянтаў

Сярод імаверных удзельнікаў збіцця фігуруе Раман Трафімук, адзін з участковых Маскоўскага РАУСу. Ні ён, ні ягоны начальнік, не былі сёння дасяжныя праз тэлефон.

Пацярпелыя з Берасця пакуль не ведаюць, ці будуць падаваць скаргі на дзеянні міліцыянтаў. Праваабаронцы раяць звярнуцца ў Следчы камітэт, а перад гэтым правесці судмедэкспертызу. Толькі тады будзе магчыма прыцягнуць іх да адказнасці.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum