Вырак за карупцыю: 14 гадоў за паборы са школаў


Школьныя сталоўкі са ўсёй сталіцы адшпільвалі яму грошы, а ён купіў браніраваны мерседэс і перадаваў сумы яшчэ вышэй. У Менскім абласным судзе нарэшце вынеслі выракі ў рэзананснай справе карупцыі ў сістэме харчавання.

Дзясяткі хабараў на агульную суму амаль у 200 тысячаў рублёў і як вынік – 14 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Столькі атрымаў былы начальнік галоўнага ўпраўлення Менскага гарвыканкаму Сяргей Барысевіч.

Апроч чыноўніка, на рэальныя тэрміны засудзілі былую дырэктарку Фрунзенскага раённага камбінату школьнага харчавання Марыну Марозаву – 10 гадоў, а таксама былога тэхнолага МТЗ Святлану Карканіцу – 5 гадоў зняволення. Уся іхная маёмасць – ад зямельных надзелаў і дарагіх машынаў аж да залатых пярсцёнкаў – застаецца сканфіскаванаю.

Яшчэ 10 чалавек атрымалі ўмоўныя тэрміны ад двух да пяці гадоў. Прысуд зачытвалі цэлую гадзіну. І гэта яшчэ ў скарочанай версіі.

«Суддзя сказала, што сам прысуд быў выкладзены на 429 старонках», – зазначыў прысутны на працэсе журналіст Радыё «Свабода» Алег Груздзіловіч.

Але не толькі прысуд быў доўгі. Следства цягнулася амаль два гады, а паборы са школьных сталовак за «прывілей» не рэагаваць на парушэнні працягваліся амаль 5 гадоў. На думку Сяргея Скрабца, былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў, а пазней палітвязня, асуджанага паводле артыкулу пра хабар, без прыкрыцця зверху такая схема проста не магла працаваць:

«Праверкі, якія ішлі з іншых кантралявальных органаў, як Камітэт дзяржкантролю або барацьба з эканамічнымі злачынствамі, яны яго, натуральна, папярэджвалі. Бо ўсе гэтыя людзі атрымоўваюць кватэры з рук Менгарвыканкаму».

Тым не менш, справа ўсё ж такі дайшла да паказальнага працэсу.

«Упершыню на маіх вачах судзілі так шмат людзей, якія давалі хабар. Вось 11 жанчын, гэта фактычна тыя, хто давалі хабар. З іх дзвюх жанчын адправілі на рэальныя тэрміны», – падкрэслівае журналіст Радыё «Свабода» Алег Груздзіловіч.

Паводле Сяргея Скрабца, у Беларусі праслухоўваюць усіх чыноўнікаў, і ў любы патрэбны момант можна выцягнуць кампрамат. Маўляў, без гэтага і на пасады не прызначаюць.

«Чаму ўзнікае такая карупцыя ў гэтым ведамстве? Менгарвыканкам прызначае гэтых загадчыц, ён жа іх і здымае. Кожны год ідзе працягванне кантракту. Загадчыца сядзіць і думае: трэба ж нешта несці, нейкі хабар, нейкую шакаладку або кавалак кілбасы, які скраў у школьніка», – кажа Сяргей Скрабец.

А таму, кажа наш суразмоўца, нягледзячы на суворасць, вырак карэнным чынам не зменіць сітуацыі ў галіне. І пакуль грошы на харчаванне школьнікаў, а заадно пацыентаў шпіталяў і вязняў вылучаюцца з бюджэту не празрыста – злоўжыванні будуць працягвацца.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu