Выпускныя адмянілі – экзамены пакінулі. Як выпускнікоў абараняюць ад каронавіруса

На прышкольных тэрыторыях пуста, ніякіх урачыстасцяў і прыбраных школьнікаў. Для выпускнікоў гэтага года апошні званок пройдзе ў фармаце класных гадзінаў, масавыя святкаванні ды лінейкі афіцыйна забароненыя. Да выпускных школьнікі рыхтаваліся доўга, некаторыя – з пачатку навучальнага года.

«Мы ўжо замовілі вядоўцу, перадаплату ўнеслі. Фатографа. Гэта ўсё шукалі. І ў выніку ўсё адмянілася. Думкі падзяліліся: ёсць людзі, якія адказна да гэтага ставяцца, яны сядзелі ўдома, месяц-паўтара, у самаізаляцыі, нікуды не выходзілі. А ёсць тыя, якім усё роўна», – расказвае выпускніца школы № 161 у Менску Караліна Лакіс.

Караліна – вучаніца сталічнай школы, яна была ў самаізаляцыі ды не здзіўленая адменаю святкавання выпускнога. Але чаму пасля месяца самаізаляцыі яе ставяць у небяспеку праз неабходнасць здаваць іспыты?

«На іспытах мы прыходзім… у цесным памяшканні, можам вельмі лёгка заразіцца, бо тры гадзіны там сядзім. Школьны экзамен, я лічу, можна было адмяніць, пайсці на саступкі. Бо мы ж увесь год вучыліся, не займаліся глупствам. Лічу, што проста можна было паставіць гадавую адзнаку», – лічыць Караліна.

Сёння апошні званок пачулі ў сталічных школах, а заўтра ён прагучыць ува ўсіх рэгіёнах краіны. Але і там сітуацыя не адрозніваецца: ніякіх святкаванняў праз эпідэмію, але абавязковыя экзамены.

«Было даволі сумна і пачуццё нейкай несправядлівасці. Бо калі ў нас такая жудасная эпідэмічная сітуацыя, чаму можна праводзіць парад? Мы ж усё роўна ў адным класе вучымся, нас жа не перавялі на дыстанцыйнае навучанне», – дзеліцца выпускнік школы № 21 Магілёва Павел Ананіч.

Але ці спыніць школьнікаў афіцыйная забарона не святкаваць заканчэння школы?

«У нас ёсць некаторыя планы проста сабрацца пасля ЦТ, пасля іспытаў», – адказаў Павел Ананіч.

Тым часам зладзіць іспыты ў такой эпідэмічнай абстаноўцы значна складаней, чымся адмяніць выпускныя.

«Настаўнікі, якія павінны прымаць экзамены і якія ў самаізаляцыі як кантакты першага ўзроўню, вымушаныя закрываць бальнічныя і прыходзіць у школы прымаць экзамены. Ведаю выпадкі, калі адзіны матэматык на ўсю школу – кантакт першага ўзроўню. Яму закрываюць, можна сказаць, прымусова гэты бальнічны, пры гэтым не ўзяў ніякіх тэстаў», – кажа педагог Ганна Граноўская.

За час рыхтавання сюжэту мы пагутарылі з двума педагогамі, якія апынуліся ў такім становішчы. Гаварыць на камеру яны адмовіліся, але прызналі, што прымаць экзамены пайсці давядзецца.

Алена Дубовік, «Белсат»

Глядзі таксама