Вынікі першага дня Еўрапейскіх гульняў – 14 медалёў для Беларусі


Беларусь мае першае золата на Еўрапейскіх гульнях – спартовай імпрэзе розных дысцыплінаў, што праходзіць у Менску да канца чэрвеня. Акрабаткі Вераніка Набокіна, Юлія Івончык і Карына Сандовіч занялі першае месца ў балансавых практыкаваннях. Таксама трыа дзяўчат заваявала бронзу ў дынамічных практыкаваннях.

Бронзу ў дынамічных практыкаваннях змяшаных параў атрымалі і беларусы Артур Белякоў і Вольга Мельнік. А беларускія лучніцы Карына Дзямінская, Карына Казлоўская і Ганна Марусава заваявалі срэбра. Бокс, баскетбол, барацьба і тэніс – Менск прымае атлетаў з розных краінаў, але з пустымі трыбунамі.

І нават цырымонію адкрыцця па тэлевізары глядзеў толькі 1 з 6 апытаных намі жыхароў Берасця:

«Стрытбол, баскетбол 3 на 3, гляджу стральбу з лука. Барацьбу не вельмі».

«Усё спадабалася, і як запальвалі агонь, усё».

«Вельмі спадабалася, масавасць, яркія касцюмы, шмат выдатных спартоўцаў».

А паглядзець было што – пад залатой Папараць-кветкай у музычна-тэатральнай частцы цырымоніі арганізатары скарысталі сапраўды народныя і гістарычныя сімвалы Беларусі: і распісныя куфры, і купальскія вянкі, і вышыванкі, узгадалі нават Вялікае Княства Літоўскае. Традыцыйныя народныя песні ў сучаснай апрацоўцы і класіку беларускай музыкі ў эпізодзе «Купалле» гледачам прадставілі Пётр Ялфімаў і Алёна Ланская.

На гэтым фоне камп‘ютарныя буслы выглядалі слабей за жывую частку імпрэзы. Паказалі і галоўнага гледача адкрыцця.

На адкрыццё Еўрапейскіх гульняў не прыехалі ні прэзідэнт Украіны, ні кіраўнік Азербайджану. Былі лідары Малдовы – Ігар Дадон, і Сербіі. Праўда, Аляксандр Вучыч не прыйшоў на цырымонію адкрыцця, бо там быў сцяг Косава. На пачэсных месцах побач з Лукашэнкам сядзелі кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў і расейскі прэм‘ер Дзмітрый Мядзведзеў. Прыняць у госці Пуціна Лукашэнка спадзяецца на закрыцці Еўрапейскіх гульняў.

У гонар прыезду Мядзведзева ў фан-зоне Еўрапейскіх гульняў адбыўся пікет: актывісты выйшлі з плакатамі «Адчапіцеся ад нас са сваёй інтэграцыяй».

«Цяпер ідуць так званыя інтэграцыйныя працэсы, а насамрэч гэта здача нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Мы не хочам аб‘яднання з Расеяй», – патлумачыў «Белсату» удзельнік акцыі пратэсту Валянцін

Усіх траіх жорстка затрымалі і вывезлі за горад людзі ў цывільным – нібыта працаўнікі Еўрапейскіх гульняў, але насамрэч міліцыянты.

«Калі яны перамаўляліся па рацыі з нейкім генералам, то была фраза: вывезіце далей і выкіньце», – узгадвае Трокскі.

Міліцыі ды людзей у цывільным цяпер у Менску шмат, а магчымасцяў праехаць – менш. А ў панядзелак і аўторак перакрыюць шмат вуліцаў у цэнтры, каб правесці роварныя гонкі.

Не ўсе менчукі гэтым задаволеныя:

«Сёння мы спазніліся на заняткі ў басейн з малым дзіцём, я заўтра спазнюся на працу, ніхто мне гэта не кампенсуе, ніхто не спытаў народ, ці трэба гэтае свята для ўрада».

«На метро ездзім, так што ўсё нармальна».

«Перакрыта, трэба праехаць, а не магу, аб‘язджаю кіламетрамі».

«Няма магчымасці пад’ехаць, сёння трэба было да Ратушы разарваць дамову. Але нічога страшнага, прагуляліся пешкі».

Адмыслова да Еўрапейскіх гульняў Беларусь увяла бязвізавы рэжым для грамадзянаў 98 краінаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»