Вынікі маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання


«Ва ўсіх калоніях і турмах ёсць свае правілы распарадку, але нават і яны не працуюць. І зняволены не можа нікуды паскардзіцца, бо лісты не праходзяць цэнзуру». Аб правах зняволеных і ўмовах турэмнага жыцця палітвязень Зміцер Паліенка ведае з уласнага досведу: паўтара года ён адбыў у бабруйскай турме.

«Мяне не хацелі накіроўваць у шпіталь, а з нагой ужо там… была агромістая рана, але мне яе не лячылі. Але ніякія мае скаргі нікуды не пайшлі. І толькі, калі інфармацыя пайшла ў СМІ, мяне накіравалі ў шпіталь».

Сустрэчы з вязнямі дамагаліся чальцы адмысловай грамадска-назіральнай камісіі. Аднак адміністрацыі шэрагу турмаў арганізоўвалі такія сустрэчы «для галачкі», сцвярджаюць праваабаронцы.

«Нідзе нам ня далі нармальна сустрэцца з людзьмі, асабліва тымі, якія пісалі скаргі: Паліенкам, Жамчужным, Кучурам, пра што мы прасілі. Асуджаных ад нас хавалі», – паведаміў чалец камісіі, сябра «Магілёўскага праваабарончага цэнтру» Барыс Бухель.

Праўду пра захаванне правоў зняволеных зводзяць на нішто таксама ціск і запалохванне з боку адміністрацыі, сцвярджаюць былыя вязні. Пішчалаўскі замак на цяперашняй вуліцы Валадарскага ў Менску быў збудаваны ў 1825 годзе. Але сёння ён больш вядомы як «Валадарка»: у будынку пазамінулага стагоддзя і цяпер месціцца следчы ізалятар.

Малыя памяшканні, холад, брудная вада і адсутнасць дзённага асвятлення – толькі некаторыя прыклады парушэнняў умоваў утрымання вязняў. Сярод прычынаў – маральная і фізічная састарэласць турэмных будынкаў: «наймаладзейшай беларускай турме» 45 гадоў. А новы інтэрнат у жаночай калоніі Гомля летась быў адкрыты, відаць, дарэмна.

«У калоніі, нарадзіўшы дзіця, жанчына адразу мусіць на працу ў прамзону, а дзіця здаецца ў дзіцячы дом. Для іх быў пабудаваны вельмі файны інтэрнат, на які пайшло шмат грошай, але аказалася, што ён проста не патрэбны нікому», – кажа сябра «Вясны» у Магілёве Аляксандр Буракоў.

«Клопатам на экспарт» альбо для міжнародных назіральнікаў – праваабаронцы называюць таксама і амністыю для няпоўнагадовых, суджаных на вялікія тэрміны паводле наркатычных артыкулаў. У гэтым выпадку Беларусь парушыла Канвенцыю ААН аб правах дзіцяці, як і іншыя міжнародныя нормы, кажуць праваабаронцы.

«Беларусь мае самае нявыгаднае становішча ў параўнанні з суседнімі краінамі паводле стаўлення да зняволеных. Мне падаецца, што перадусім гэта звязана з адсутнасцю нацыянальнага праваабарончага механізму, адсутнасцю сталага «парадку дня», – паведаміў юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Гэтак, беларускія праваабаронцы звярнуліся ў суд з пазовам да Міністэрства ўнутраных справаў. Яны дамагаюцца, каб умовы ўтрымання вязняў у месцах пазбаўлення волі ў Беларусі прызналі непрымальнымі ды незаконнымі.

Галіна Абакунчык, «Белсат»