Выбары – праз тры месяцы. Што трэба ведаць?


Паводле старых законаў і без міжнародных назіральнікаў. Да чарговых выбараў у Беларусі застаецца роўна тры месяцы. Ужо 10-га снежня распачнецца вылучэнне кандыдатаў на дэпутацтва ў мясцовыя саветы.

Як рыхтуецца апазіцыя і чаго чакаць ад уладаў?

За адзін вечар – больш за 130 подпісаў. Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Сігаеў, які налета плануе вылучацца кандыдатам у мясцовыя саветы па Карбышаўскай акрузе ў Менску, разам з паплечнікамі спрабуе развязаць праблему дваравых праездаў у сталіцы – разбітага асфальту і дарожных ямаў. Сёння маладзён сустрэўся з мясцовымі камунальнікамі, якія паабяцалі зрабіць перад зімою касметычны рамонт дарожных праездаў на вуліцы Каліноўскага.

Пакуль будучыя кандыдаты развязваюць мясцовыя праблемы, праваабаронцы пачалі назіраць за выбарчаю кампаніяй. Усяго ў буйных гарадах сёння працуюць 29 доўгатэрміновых назіральнікаў, да якіх на этапе падліку галасоў далучацца некалькі соцень валанцёраў.

Назіральнікі спыніліся на чатырох праблемах

Гэта пытанні фармавання выбарчых камісіяў, датэрміновага галасавання, падліку галасоў і судовых спрэчак. Анансаваных жа раней уладамі зменаў у выбарчым заканадаўстве, як высветлілася, не будзе. Заўвагі міжнародных інстытутаў не былі пачутыя.

Наконт жа таго, што новыя выбары пройдуць паводле старых правілаў, праваабаронцы жартуюць: маўляў, яны ўжо цяпер ведаюць, з чаго пачаць справаздачу пра назіранне. Улады Беларусі мелі час на тое, каб нешта змяніць, але зрабіць гэтага не захацелі.

Віталь Бабін, «Белсат»