Выбары 2020: пандэмія каронавірусу і ціск на актывістаў


120 затрыманых, 50 зняволеных і 20 аштрафаваных – гэтак пачынаецца прэзідэнцкая выбарчая кампанія: ва ўмовах каронавіруса і новага наступу на грамадзянскія правы.

Аляксандр Андрэеў – адміністратар інтэрнэт-рэсурсу «Орша для жизни» – адзін з першых, хто выйшаў на волю праз дзесяць сутак адміністратыўнага арышту. Затрыманы і таемна асуджаны ён быў за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі – гэтак аршанскі суд назваў сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, якая адбылася яшчэ 18 красавіка.

«Як па мне, то гэта не справядліва. Я толькі выказаў сваё меркаванне – даў інтэрвʼю. Гэта было ў прысутнасці людзей, і гэта назвалі мітынгам. Гэта несправядліва, бо кожны чалавек мусіць выказваць сваё меркаванне», – заяўляе Аляксандр Андрэеў.

Разам з Аляксандрам Андрэевым соднямі быў пакараны і аршанскі актывіст Ілля Ціханаў. А праваабаронца Алена Мірашнічэнка – атрымала штраф памерам 675 рублёў.

«Атрымоўваецца, што сказаць пра свае праблемы, які не табою створаныя, – гэта вялікае злачынства», – мяркуе Алена Мірашнічэнка.

За сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім у розных гарадах Беларусі затрымалі больш за 120 чалавек. Арыштавалі – каля пяцідзесяці, два дзясяткі – атрымалі буйныя штрафы. Сярод іх не толькі грамадскія актывісты, а таксама праваабаронцы і журналісты. Аршанскіх актывістаў вызвалілі раней за прызначаны час.

«Зразумела, чакалі, што людзі будуць сустракаць. І таму, каб людзі не збіраліся каля міліцыі, таму гэтак і зрабілі», – мяркуе праваабаронца Ігар Казмячак.

Узмацненне ціску на грамадзянскую супольнасць – асаблівасць пачатку цяперашняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Таксама праваабаронцы крытыкуюць правядзенне выбараў падчас пандэміі фактычна без дадатковых захадаў бяспекі.

«Канечне, улады маглі б прыняць захады для пераносу выбарчай кампаніі. Паводле Канстытуцыі, гэта магчыма пры ўвядзенні надзвычайнага становішча. Ёсць Закон «Аб надзвычайным становішчы РБ». Згодна з ім указ аб надзвычайным становішчы ўтрымлівае пералік захадаў, якія прымаюцца і ў звязку з эпідэміяй і эпідэміялагічнай сітуацыяй, каб пазбегнуць яе наступстваў», – кажа праваабаронца ініцыятывы «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч.

Блогер Сяргей Ціханоўскі, які намагаўся вылучыць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах, адбывае 15 содняў адміністратыўнага зняволення. Сёння стала вядома, што тэрмін ягонага арышту падвоілі.

Галіна Абакунчык, «Белсат»