Выбарчыя камісіі могуць лічыць галасы правільна – і вось калі


Стварыць «каманду пераменаў» абяцаюць апазіцыйныя дэмакратычныя сілы да выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Галоўнай мэтай новага апазіцыйнага аб’яднання мае стаць падрыхтоўка да ўдзелу ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі наступнага году. Прызначэнне парламенцкіх выбараў на сёлета апазіцыйныя палітыкі называюць парушэннем Канстытуцыі і не спадзяюцца на дэмакратычную хаду кампаніі.

Чарговая выбарчая кампанія – сапраўдныя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў або традыцыйны палітычны рытуал з прадвызначаным вынікам? Ці варта браць у іх удзел, і як падрыхтавацца да наступных – прэзідэнцкіх выбараў. Гэтыя ды іншыя пытанні на парадку дня працы лідараў палітычных партый і рухаў. Адказаў на іх шукалі палітыкі, аналітыкі і палітолагі падчас адмысловай дыскусіі на пачатку выбарчай кампаніі. Як вынік – хтосьці з дэмакратычных сілаў ідзе на выбары самастойна, іншыя – у складзе кааліцыяў, а некаторыя дагэтуль разважаюць пра ўдзел.

Рэпартаж Ганны Абакунчык глядзіце ў поўным выданні навінаў за 26 жніўня

«Супраць аргументацыя вельмі моцная, бо ўдзельнічаючы ў гэтай выбарчай кампаніі – падкрэсліваю, што ня ў выбарах, а менавіта ў выбарчай кампаніі – мы апынаемся ў сітуацыі, што падтрымліваем дзейную сістэму і яе фальсіфікацыі», – кажа старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Анастасія Дарафеева.

Ужо традыцыйна з іншага боку гучаць тлумачэнні аб «выкарыстанні ўсіх магчымасцяў», дзеля легальнае працы з электаратам. Аднак частка партыйцаў заяўляе пра больш амбітныя мэты.

«Мы ідзём кааліцыяй з адзіным пасылам – стварыць «каманду перамен». Гаворка пра тое, што ў наступным годзе нас чакаюць прэзідэнцкія выбары і да іх мы павінны падыйсці магутнай камандай», – кажа старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.

Кіраўнік цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька як колішні шматразовы ўдзельнік выбараў, раіць прызнаць рэальны стан рэчаў у айчынных дэмакратычных сілах. Але нават у такіх умовах ён бачыць поле для манеўру.

«Я не выключаў бы, каб палітычныя партыі заявілі бы, што на сёння мы ня вельмі моцныя і давайце ладзіць супольныя пікеты. Няхай там будуць сцягі АГП, БНФ, руху «За свабоду» і іншыя. І таксама можа быць супольнае пасланне – свабодныя і справядлівыя выбары – гэта цікавіць усіх», – мяркуе кіраўнік цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Удзельнікі дыскусіі не маюць сумневаў, што сёлетнія выбары – традыцыйны рытуал. Маўляў, пра тое сведчыць неканстытуцыйнае скарачэнне тэрміну працы дзейнага дэпутацкага корпусу амаль на год. Аднак удзел у кожнай кампаніі выбараў мае сэнс, кажа адмыслоўца Аляксандр Класкоўскі:

«Апошнія гады Савецкага Саюзу паказваюць, што вось гэтыя, абсалютна выхалашчаныя выбары, калі ўвогуле адзін кандыдат быў, раптам могуць набыць сэнс і камісіі пачынаюць лічыць галасы, як след, калі сістэма пачынае хістацца. І апазіцыя павінная быць да гэтага гатовая».

Неўзабаве распачынаецца этап збору подпісаў за рэгістрацыю будучых кандыдатаў, і, як стала вядома сёння, на галоўных і шматлюдных плошчах Менску гэта рабіць забаронена.

Галіна Абакунчык, «Белсат»