Вясна блізка… Чарговыя тэмпературныя рэкорды 17 лютага


У 44 гарадах Беларусі зафіксаваныя рэкордна высокія тэмпературы для 17 лютага. У Менску было каля 10 градусаў цяпла. Рэкорд перавышаны амаль на два градусы.

Найцяплей было ў Горадні – 12,6 градуса цяпла. Там рэкорд павысіўся прыблізна на 4 градусы. Між іншым, Міністэрства надзвычайных справаў ужо паведамляе пра 10 выпадкаў загарання травы і хмызнякоў. Такія паказнікі зазвычай уласцівыя для сакавіка. Пацяпленне небяспечнае і для сельскай гаспадаркі, кажа Міхаіл Кадыраў, доктар сельскагаспадарчых навук:

«Пры такім надвор’і, і вясна такая будзе, будзе шмат арганізмаў патагенных на лісцях, вакол. Трэба будзе прадугледзець раннюю апрацоўку фунгіцыдамі».

Калі мароз усё ж такі вернецца, то азімыя будуць знішчаныя, бо яны не пакрытыя снегам. Пацяпленне ўплывае адмоўна і на людзей. Чалавечаму арганізму, які звыкся да ранейшых умоваў, цяжка пераналаджвацца, кажа Аляксандр Сыкала, кандыдат медычных навук:

«Што значыць тэмпература для чалавека? А вірусы, якія не загінулі? А бактэрыі, якія павінны прайсці інкубацыйны перыяд, нават тыя, што і карысныя нам, – не прайшлі. Цяжка астматыкам, цяжка людзям, скажам так, з рухомай псіхікай, назавем гэта так: усе магчымыя дэпрэсіі, псіхозы».

Як апытаныя намі жыхары сталіцы рэагуюць на змены ў надвор’і?

«Прыліў энергіі, сілаў. Больш хочацца кудысьці ісці, штосьці рабіць, жыць увогуле».

«Ну яшчэ такая слабасць зімняя. Бо была зацяжная нейкая зіма, незразумелая».

«Па надвор’і відаць, што вясна, а так усё як ёсць».

«Настрой падымаецца, птушкі спяваюць, цёпленька, добра».

Але ёсць людзі, на якіх змены ў надвор’і ўплываюць больш яўна.

«Змена клімату б’е па здароўі чалавека, і перш за ўсё дзяцей. Тыя ж астмы, тая ж адсутнасць закалкі. Сардэчнікі, астматыкі, людзі з рухомаю псіхікай, разнастайнага роду інваліды, цяжка хворыя, – вось гэта ўсё група рызыкі», – паведамляе Аляксандр Сыкала.

На парозе вясна, а кліматычнай зімы ў Беларусі так і не было. Рэкорды ж цеплыні фіксаваліся і раней: першага і другога лютага. У студзені было дзевяць рэкордных дзён, у снежні – адзінаццаць. Да таго ж не выключаныя і новыя рэкорды.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»