Вялікая прэс-канферэнцыя Зяленскага: людзі заўсёды будуць большым прыярытэтам, чым тэрыторыі


Пад звон талерак, відэльцаў і гул людзей Уладзімір Зяленскі ўпершыню сустракаецца з медыямі, адказваючы на ​​ўсе пытанні ды перапыняючыся толькі на кароткія кава-брэйкі.

Прэсавы марафон зладзілі ў новым фуд-холе, унізе тут працуюць рэстараны і ядуць звычайныя наведнікі, але паверхам вышэй гучаць пытанні агульнаўкраінскага значэння, гэткія, як вяртанне палонных.

Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Украіны:

«Расейскі бок дэкларуе нам, што без Нармандскага фармату мы не дойдзем да гэтага пытання. І гэта праўда. Вось чаму я спяшаюся з гэтым фарматам. Бо мне вельмі важна вяртанне людзей. Там вельмі вялікі спіс людзей, і ў нас вельмі шмат іхных людзей».

Зяленскі прызнаў, што ўлады дрэнна патлумачылі грамадскасці сутнасць «Формулы Штайнмаера», з прычыны чаго пачаліся пратэсты; сказаў, што не збіраецца будаваць «жорсткую вертыкаль», назваў сябе прэзідэнтам свету і падкрэсліў, што людзі заўсёды будуць большым прыярытэтам, чым тэрыторыі. Звяртаючыся да амерыканскіх журналістаў, Уладзімір Зяленскі сказаў:

«Я не хачу ўмешвацца ніякім чынам у выбары незалежнай краіны пад назваю ЗША. Выбірайце свайго прэзідэнта самі».

За час прэс-марафону Зяленскага некалькі разоў адрывалі людзі, якія заходзілі ў рэстаранны манеж і голасна звярталіся да прэзідэнта.

Прэс-канферэнцыя сярод талерак і патэльняў – першая сур’ёзная сустрэча вось ужо паўгода як прэзідэнта Зяленскага з медыямі. Ці давядзецца чакаць яшчэ паўгода да наступнай?

Адэля Дубавец belsat.eu