«Вы або сляпыя, або дурныя, або прадажныя». Расея вяртаецца ў ПАРЕ


Парламенцкая асамблея Рады Еўропы пасля 8-гадзіннай дыскусіі прыняла рэзалюцыю, у якой запрасіла расейскую дэлегацыю вярнуцца да працы – без абмежавання права голасу.

Вячаслаў Валодзін, старшыня Дзярждумы Расеі:

«Расейская дэлегацыя запрошаная да працы. Асноватворныя правы абароненыя: права ўдзелу, права абмеркавання і права галасавання. Далей надыходзіць наступны этап – гэта пацверджанне паўнамоцтваў».

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы наклала на Расею санкцыі ў 2014 годзе за анексію Крыму і вайну на Данбасе, такім чынам пазбавіўшы расейцаў права голасу. З гэтай прычыны расейская дэлегацыя спыніла ўдзел у працы ПАРЕ.

Таксама Расея адмовілася плаціць унёскі ў Раду Еўропы памерам 33 мільёны еўраў штогод, што прывяло да бюджэтнага крызісу ў арганізацыі. Аднак прыхільнікі вяртання Расеі ў ПАРЕ агучваюць іншыя аргументы. На іхную думку, санкцыйны механізм неэфектыўны і не змяняе сітуацыі.

«Вы можаце паглядзець на гэта з іншага боку. Чаму мы мусім змяняць нашыя правілы? Бо яны нічога не даюць. Дзейныя санкцыі – неэфектыўныя. Давайце вызначым эфектыўныя механізмы», – кажа Пэтра дэ Сутэр, дэпутатка з Бельгіі.

Супраць вяртання Расеі ў ПАРЕ выступае Украіна. На знак пратэсту ўкраінскія дэпутаты прыпынілі працу ў Асамблеі. Сітуацыю пракаментаваў і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі:

«Хачу бачыць, як прыхільнікі вяртання расейскай дэлегацыі ў Асамблею – арганізацыю, якая 70 гадоў бароніць вяршэнства права ў Еўропе, – будуць адстойваць і патрабаваць іншага вяртання: вяртання палонных украінскіх маракоў».

Падчас дыскусіі на пленарным паседжанні ўкраінскія дэпутаты назвалі рашэнне Парламенцкай асамблеі «страсбургскай змовай», «ганьбай» і «рэваншам агрэсара».

«Вам не абарона правоў расейцаў патрэбная, вам патрэбныя іхныя грошы. Замест таго, каб абмежаваць апетыты чыноўнікаў, паменшыць колькасць арганізацыі, вы хочаце, каб Расея заплаціла свой унёсак. Для гэтага вы гатовыя прадаць прынцыпы, на якіх будавалася гэтая арганізацыя. Вы або сляпыя, або дурныя, або прадажныя», – абураецца Алег Ляшко, дэпутат з Украіны.

Расейскія праваабаронцы віталі рашэнне ПАРЕ, бо асцерагаліся, што Масква самая, не чакаючы адмены санкцыяў ПАРЕ, пакіне Раду Еўропы. Раней Расея пагражала выйсці з арганізацыі, калі правы яе дэлегацыі не будуць адноўленыя ў поўным аб’ёме.

Юрый Джыбладзе, праваабаронца, грамадзянскі форум «ЕЗ – Расея»:

«Працяг статус-кво пазбавіў бы магчымасці ўплываць на расейскія ўлады, але дазволіў бы заставацца на высокіх маральных пазіцыях. Захаванне расейскай дэлегацыі дае магчымасці рэзка ўзмацніць ціск і ўплыў на расейскія ўлады».

Аднак не ўсе расейскія праваабаронцы такога меркавання. Сябра Савету праваабарончага цэнтру Ян Рачынскі каментуе:

«Расея не зрабіла ніводнага кроку ў бок выканання рэзалюцыяў ПАРЕ. Больш за тое, за апошні час здзейсненыя новыя даволі цяжкія парушэнні міжнароднага права. У сродках масавай інфармацыі і ў выступах расейскіх афіцыйных асобаў куды часцей згадваюцца нават не эканамічныя санкцыі, а ў першую чаргу пытанні паўнамоцтваў дэлегацыі ў ПАРЕ. Калі б гэта было неэфектыўна, гэта б не займала столькі месца ў інфармацыйнай плыні».

Супраціўнікі вяртання расейскай дэлегацыі ў ПАРЕ не здаюцца. У сераду ўкраінскія дэпутаты часова вернуцца ў залу для ўдзелу ў абскарджанні паўнамоцтваў расейскай дэлегацыі. Украіна і Грузія абскардзілі паўнамоцтвы расейскай дэлегацыі ў ПАРЕ, а таксама правы займаць кіроўныя пасады ў камітэтах.

Дзяніс Шпігаў, Ян Вярбіцкі, belsat.eu