Вожык будзе сімвалам чэмпіянату свету па хакеі 2021


У лідарах інтэрнэт-галасавання былі янот і хрушч, а выбралі вожыка. У Менску ўрачыста прэзентавалі талісман чэмпіянату свету па хакеі 2021 года. Гэта вожык Спайкі.

«Імя пераводзіцца з англійскай як «вастрыё». Таму, дасць бог, наш хакейны вожык з туману выберацца і паколе шмат каго», – тлумачыць кіраўнік Федэрацыі хакею Беларусі Генадзь Савілаў.

На званне сімвала чэмпіянату прэтэндавалі больш за сотню працаў з Беларусі і Латвіі. Сярод прэтэндэнтаў былі птушкі і звяры, бульбінкі і рукавічкі, рыцары і міфічныя істоты. Меркаванні гледачоў падзяліліся – латвійцы абралі вожыка, які ў выніку заняў другое месца.

«Ён падаецца такі маленькі, як і Латвія, маленькая нацыя, якая гуляе супраць вялікіх хакейных нацыяў», – кажа аўтар сімвала латвійскі дызайнер Яніс Бурмэйстэрз.

Беларусы абралі хрушча, які атрымаў прыз глядацкіх сімпатыяў. Прафесійнае журы абрала пераможцам янота. Пры гэтым, на думку журы, усім сімвалам не ставала «дынамікі, энергічнасці, ідэі адзінства нацыяў і адданасці хакею».

«Нашы тры працы трапілі ў шортліст, адна праца, янот, перамагла на экспертным галасаванні, адна трапіла ў прыз глядацкіх сімпатыяў. Але было шмат янотаў і вожыкаў, і да нас звярнуліся як да пераможцаў з янотам, каб мы дапрацавалі вожыка», – распавядае дырэктар агенцтва «DAB. AGENCY» Мікіта Усціновіч.

Гэты новы варыянт і стаў у выніку вожыкам Спайкі – сімвалам чэмпіянату. Вожыкі яшчэ ніколі не былі сімваламі хакейных чэмпіянатаў. Талісманам хакейнага першынства свету, які праходзіў у Беларусі ў 2014, быў зубр. Чэмпіянат свету па хакеі 2021 года пройдзе ў Менску і Рызе з 7 да 23 траўня. Адна група будзе гуляць у Беларусі, другая ў Латвіі, а матчы плэй-оф адбудуцца ў беларускай сталіцы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»