Воўк, які напаў на жыхароў Стаўбцоў, быў шалёным


У Стоўбцах чацверты дзень працягваецца каранцін. Яго абвесцілі неўзабаве пасля нападу на людзей ваўка. Як высветлілася пазней, звер быў хворы на шаленства.

Шпацыр, які ледзь не скончыўся трагедыяй: васямнаццацігадовая Дар’я Доўнар ішла тут разам са сваім сябрам, калі раптам на яе ззаду кінулася дзікая жывёліна.

«Скокнуў на мяне, твар крыху вось тут, я мажу – яно праходзіць. На плечы лапы паставіў, зяпу раскрыў, хацеў за твар пакусаць. Я не ведаю, яны падаецца за шыю кусаюць. І я як бы вось гэтак захіліла рукой, і вось гэтыя раны маглі апынуцца на твары», – кажа Дар’я.

Як высветлілася, воўк быў шалёны. Дар’я і яшчэ трое пацярпелых цяпер мусяць заставацца пад сталым наглядам медыкаў – прынамсі 10 дзён. Яны праходзяць лекаванне супраць вірусу. У той жа дзень звер атакаваў не толькі іх.

«Даваў задам, чуем удар, глядзім стукнуў ужо, і проста ў вакно паглядзеў: воўк. І ён убок давай уцякаць тады», – кажа адзін з відавочцаў, Аляксей.

На шчасце, падчас гэтага здарэння пацярпеў толькі аўтамабіль. Цяпер у Стоўбцах і вёсцы Слабада абвесцілі каранцін на два месяцы.

«Павялічылі працоўны дзень для таго, каб грамадзяне маглі пасля працы прыводзіць сваіх гадаванцаў для вакцынацыі супраць шаленства. Вакцынацыя ідзе, людзі ахвотна ідуць, яны зразумелі, што ўсё-такі гэта шутка небяспечная, шаленства», – кажа Марыя Каспяровіч са Стаўбцоўскай ветэрынарнай станцыі.

Агулам ветэрынары прышчапілі ў горадзе больш за 300 катоў і сабак. Летась тут выявілі 13 выпадкаў шаленства. Але пераносчыкамі хваробы былі лісы і сабакі. Да гэтага ж выпадку шалёнага ваўка апошні раз на Стаўпеччыне бачылі больш за 30 гадоў таму.

«Ваўкі, дакладна хворыя на шаленства, яны трапляюцца вельмі рэдка. Таму што ў іх прынцыпова ў прыродзе, у драпежнікаў такога парадку, даволі складаны працэс выжывання штодзённа. А калі яны яшчэ і хворыя – гэта зусім яму зніжае шанцы да нуля», – кажа біёлаг Максім Нямчынаў з «Аховы птушак Бацькаўшчыны».

Здаровыя ваўкі рэдка падыходзяць блізка да людзей. Гэтак, залетась ва ўсёй краіне па медычную дапамогу пасля кантакту з ваўком звярнуліся 10 чалавек. А пасля нападу сабакаў – больш за 13 тысячаў.

Здаровыя жывёліны не кідаюцца без прычыны на чалавека. Прыкметамі шаленства могуць быць павіслая сківіца ды актыўнае выдзяленне сліны. Адмыслоўцы засцерагаюць: на ранніх стадыях вірус можа і не праяўляцца. Аднак калі хатні гадаванец стаў млявым ды адмаўляецца ад ежы – варта схадзіць да ветэрынара.

Паводле санітарных правілаў, уласнікі катоў і сабак мусяць штогод рабіць прышчэпку сваім гадаванцам. Гэтак можна пазбегнуць распаўсюду страшнага вірусу шаленства.

Наста Кахановіч/«Белсат», фота анонсу – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum