Вось рэцэпт для Лукашэнкі на выпадак, калі Расея падыме цану на газ


Даць ці не даць нашай краіне танны газ, Масква будзе вырашаць незалежна ад таго, ці падпіша Менск план паглыблення інтэграцыі. Ці можа Крэмль прымусіць Беларусь інтэгравацца пад пагрозаю павысіць цэны на энерганосьбіты ці заблакаваць рынак? Аляксандр Папко высветліў, ці выжыве нашая краіна без расейскіх субсідыяў.

Цану на газ і нафту для Беларусі адасобілі ад перамоваў аб інтэграцыі. Пра гэта газеце «Известия» паведаміў амбасадар Расеі Дзмітрый Мезенцаў.

Раней расейскі прэм‘ер заяўляў цалкам супрацьлеглае: таннае паліва Менск атрымае толькі тады, калі ператворыць у законы ўсе дарожныя мапы паглыблення эканамічнай інтэграцыі. Ці таннае расейскае паліва жыццёва важнае нашай краіне?

«Яшчэ дзесяць гадоў таму перапрацоўка нафты давала 20 % ВУП Беларусі. Цяпер – каля дзесяці. І калі дзесяць гадоў таму высокія сусветныя кошты на нафту для нас былі б катастрофаю, то сёння гэта непрыемна, але мы гэта перажывем», – упэўненая палітолаг Вольга Харламава.

Летась Беларусь плаціла за 100 кубаметраў расейскага газу $ 129. Краіны Еўразвязу – больш за 200. Нашая краіна заашчадзіла больш за паўтара мільярда долараў. Кошт на нафту таксама быў ніжэйшы за сусветны на траціну. Эканомія склала прыблізна тры мільярды. Што будзе, калі Масква падыме кошты – і гэтыя субсідыі знікнуць?

«Гэта прывядзе да росту тарыфаў на транспарт, росту цэнаў жыллёва-камунальных паслуг – там, дзе газавы чыннік складае 5 або 10 % коштаў. У цяжкім стане будзе цэментавая прамысловасць. «Азот» ляжа, бо ён не прыстасаваны працаваць па такіх цэнах», – тлумачыць дырэктар Даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Калі дзеля захавання незалежнасці трэба будзе набываць даражэйшую нафту, і эканамічная сітуацыя пагоршыцца, ці пагодзяцца на гэта грамадзяне? Вось што кажуць жыхары Віцебску:

«Не, бо яна і так не вельмі добрая!»

«Не! Аснова жыцця – гэта нармальнае эканамічнае існаванне! А незалежнасць – я не ведаю».

«Ну што, ты хочаш у склад Расеі? Не! Каб сюды бандзюкі панаехалі, алігархі і ўсё падмялі?»

«Рэформы ўжо даўно трэба было праводзіць. І я згодная, каб прэзідэнт іх правёў хоць цяпер, у гэтую хвіліну, і я згодная на пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. Я не хачу быць прывязанай да Расеі!»

«Я б пражыў як балтыйцы пяць гадоў у горшым становішчы, а затым усё стала б на свае месцы. А эканоміка пакуль у нас ляціць у адно месца!»

Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету ў Санкт-Пецярбурзе. 20 снежня 2019 года. Фота – POOL / Reuters / Forum

Газавыя ды нафтавыя субсідыі Расея і без таго змяншае з года ў год. Сёння яны складаюць 8 адсоткаў нашага ВУП. Нашмат больш як ад нафты і газу Беларусь залежыць ад расейскага рынку. Туды ідзе дзве траціны нашых трактароў і аўтамабіляў ды тры чвэрці харчоў. На гэта падчас нядаўняй размовы з журналістамі намякаў і Дзмітрый Мядзведзеў.

«Усім жа зразумела, які рынак у беларускіх тавараў. Што, гэта еўрапейскі рынак? Хто там чакае гэтыя тавары? Ды ніхто не чакае! Вядома, гэта расейскі рынак!» – пераконваў 5 снежня расейскі прэм’ер.

Што адбудзецца, калі гэты рынак Крэмль зачыніць?

«Ёсць ЕАЭС – гэта адзіная мытная, адзіная гандлёвая прастора. Калі Расея заблакуе свой рынак, то ніякай неабходнасці ў Еўразійскім саюзе для Беларусі проста не застаецца. І не толькі для Беларусі. Падазраю, што такія самыя наступствы гэта будзе мець і для Казахстану», – кажа Вольга Харламава.

Ад павышэння цэнаў на газ пацярпяць перадусім састарэлыя прадпрыемствы, якія даюць нашай эканоміцы ўсё менш, а датацыяў з бюджэту патрабуюць усё больш, мяркуе Яраслаў Раманчук.

«У сучаснай эканоміцы больш за 70 % ВУП вырабляе сектар паслуг. Вось гэта нашая ніша. У кантэксце чацвертай прамысловай рэвалюцыі тэхналогіі становяцца цалкам іншыя. Яны не патрабуюць такой колькасці газу і нафты», – кажа эканаміст.

Газу і нафты новыя тэхналогіі не патрабуюць, але для іх развіцця трэба іншае: палітычная воля, каб расстацца з савецкім эканамічным багажом. Як зазначае Яраслаў Раманчук, Беларусь важнейшая за цэментныя заводы ці Салігорскі цэлюлозны камбінат.

Аляксандр Папко, «Белсат»