Вінаградаў пра Плошчу-2010: Малаток бы большы


Больш за 600 чалавек затрыманыя. Штрафы і содні для іх у судовым канвееры. Розныя турэмныя тэрміны для трох дзясяткаў актывістаў ды нават чатырох кандыдатаў на прэзідэнта. І гэта толькі некаторыя наступствы акцыі пратэсту, якая прайшла ў Менску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў роўна сем гадоў таму.

Поўны надзеі, але ў выніку разгромны снежань 2010-га

«Хацелася пераменаў, ужо колькі гадоў гэта можа працягвацца».

«Калі б выйшла паўгорада, то рэакцыя была б іншай».

«Людзі не хочуць. Мабыць іх усё задавальняе. Памяркоўныя беларусы. Не гатовыя. Баяцца, магчыма, чагосьці. Гэта значыць баяцца страціць там нейкія свае 300 долараў заробку для таго, каб нешта змяніць».

– пракаментавалі гадавіну падзеяў на Плошчы жыхары Менску.

Лукашэнка пераконваў: пратэстаў не будзе, вырашальны– голас народу

Аднак на плошчу выйшлі, паводле некаторых падлікаў, нават да 60 000 беларусаў. Хоць дайшлі не ўсе. Сілавікі напалі на каманду кандыдата на прэзідэнта Уладзіміра Някляева на подступах да плошчы. Сам палітык трапіў у шпіталь, адкуль пазней яго выкралі. Актывіст Павел Вінаградаў тады быў у камандзе палітыка. І сёння таксама пайшоў бы на плошчу.

«Пайшоў бы 100 %. А памяняў бы я: не браў бы з сабой шмат цёплых рэчаў, нейкай ежы, нейкага пітва, бо я ішоў надоўга. Я б апрануўся ямчэй і малаток узяў бы большы», – кажа Вінаградаў.

У 2010 годзе акцыя на плошчы Незалежнасці была мірная

Але правакатары разбілі шыбы ў Доме ўраду. І гэта стала падставаю для жорсткага сілавога разгону.

Сілавікі збівалі ўсіх без разбору. На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка заявіў пра 639 арыштаваных. Большасць атрымалі суткі адміністратыўнага арышту або штрафы. Але дзясяткі актывістаў атрымалі турэмныя тэрміны за масавыя закалоты. Таксама паводле крымінальнага кодэксу адказвалі чатыры кандыдаты на прэзідэнта.

Уладзімір Някляеў асуджаны на 2,5 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкаю на два гады. Андрэй Саннікаў атрымаў 5 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму. Дзмітрый Вус – 5,5 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму. І самы вялікі тэрмін – 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму для Міколы Статкевіча.

Асуджаных пад ціскам міжнароднай супольнасці памілаваў Лукашэнка

Даўжэй за ўсіх, да 22-га жніўня 2015-га года, сядзеў у калоніі Мікола Статкевіч, які так і не папрасіў памілавання ў Лукашэнкі і які па-ранейшаму ўпэўнены, што плошча 7 гадоў таму была патрэбная.

«Гэтая дата моцны стрымліваючы фактар для ўлады, якая да гэтага моманту баіцца. Другое значэнне гэтай даты – гэта годнасць. Гэта моцная праява. Гэта на самай справе паўстанне, рэвалюцыя годнасці. Калі ніхто не змагаецца за чалавечую годнасць, людзі забываюць, што яно ёсць. І, нарэшце, гэта вялікая дата для будаўніцтва нацыі», – упэўнены Статкевіч.

Сяргей Падсасонны, «Белсат», фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum