Віктар Бабарыка – за кратамі. Хто наступны?


Віктар Бабарыка афіцыйна затрыманы. Кандыдат надзеі, які назбіраў рэкордную колькасць подпісаў, паехаў раніцаю разам з сынам здаваць іх і не вярнуўся. Толькі ўвечары кіраўнік Камітэту дзяржкантролю паведаміў, што прэтэндэнта на прэзідэнцтва абвінавачваюць у арганізацыі супрацьпраўнай дзейнасці.

Абсалютны рэкорд за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі ўсталяваў штаб альтэрнатыўнага вылучэнца Бабарыкі: сабралі 425 001 подпісаў – гэта 16 % ад агульнай колькасці выбарнікаў (6 880 605). Кіраўнік камітэту дзяржкантролю Іван Церцель праз тэлеканал «Беларусь-1» азмрочыў падсумаванне выбарчага штабу Бабарыкі:

«Бабарыка затрыманы ў сувязі з тым, што з’яўляўся непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, спрабаваў уздзейнічаць на сведкаў, схаваць сляды раней здзейсненых злачынстваў і літаральна днямі зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў. Вядзецца праца паводле шэрагу кірункаў».

Махінацыі з векселямі на суму звыш $ 60 млн долараў, незаконны вывад да мяжу звыш $ 430 млн і гэтак далей.

Сам наймацнейшы ў гісторыі выбараў канкурэнт Лукашэнкі правёў дзень у Камітэце Дзяржбяспекі з сынам Эдуардам. Адвакатаў туды не пусцілі. Аляксандр Кольчанка пракаментаваў «Белсату»:

«Гэта фактычна затрыманне, бо як яшчэ расцэньваць? Больш за тое, прайшло больш за 3 гадзіны. Мы перакананыя, што ён (Віктар Бабарыка, заўв. Белсат) прасіў каб да яго дапусцілі абаронцу ці абаронцаў. Але нас ніхто не выклікае, хоць мы ўсіх уведамілі – і Дзяржкантроль, і КДБ, калі раптам справу завялі ў КДБ, мы не ведаем».

Абаронцы накіравалі свае звесткі ў адказныя органы, і безвынікова спрабавалі датэлефанавацца да Віктара Бабарыкі, пакуль супраць таго збіралі абвіначанне. Пад будынак Дэпартаменту Фінансавых Расследаванняў сцягваліся прыхільнікі вылучэнца:

«Для нас усіх відавочна, з чым звязаны пераслед… Не хочуць дапусціць кагосьці нармальнага да выбараў».

«Яго зноў затрымалі і мне не ўсё роўна. Я хачу каб нешта змянілася і прыйшоў сюды на знак падтрымання».

«Чалавек можа згубіць значна больш, чым мы, седзячы на канапе».

У вёсцы Мачаны Лагойскага раёну і ў Цне сёння абшукалі дамы, якія належаць сямʼі Бабарыка. Сам банкір, а ад сёлета і палітык, знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

«Відаць, вырашана самымі прымітыўнымі прыёмамі яго выбіць з каляіны, бо калі Бабарыка будзе зарэгістраваны, то сапраўды можа захістацца для Лукашэнкі сітуацыя, бо відавочна, што сімпатыі да гэтай новай свежай палітычнай фігуры ў грамадстве і можа нават сярод часткі наменклатуры дастаткова вялікія», – дапускае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Былы следчы пракуратуры, праваабаронца Алег Волчак бачыўся з затрыманым учора пад час ягонага пікету ў Салігорску:

«Ён сказаў што ён спакойны, што ён не задзейнічаны ў аніякіх крымінальных схемах. І што ўсё гэта робіцца да 19-24 чэрвеня, калі мае падавацца яго пісьмовая заява пра тое што ён хоча быць кандыдатам у прэзідэнты. Мы як праваабаронцы цяпер лічым што дзяржава хоча перашкодзіць падачы гэтай заявы».

Падобным чынам дзяржава абышлася з вылучэнцам на кандыдата, блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Таго кінулі за краты ў перыяд падавання дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў ЦВК, куды трэба было зʼявіцца асабіста. Такім чынам два канкурэнты – у няволі. Небяспека ёсць і для папулярнага прэтэндэнта Валера Цапкалы – лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Магчыма, што ў выніку будзе выбраны такі лапідарны сцэнар, калі будзе ў выбарчым бюлетэні будзе Лукашэнка і 2-3 відавочныя спойлеры, відавочныя спарынг-партнёры».

Задача мінімум для дзяржавы, паводле Аляксандра Класкоўскага, затрымаць нязручных канкурэнтаў прынамсі да выбараў. Спадар Бабарыка ў адным з апошніх ролікаў заклікаў беларусаў да галоўнага:

«Самае галоўнае, 9 жніўня вы будзеце павінныя адзін дзень свайго жыцця аддаць сваёй краіне – паназіраць і паўдзельнічаць у працы выбарчай камісіі. Гэта вельмі важна, каб у Беларусі былі чэсныя выбары».

Важна аднак, каб на гэтых выбарах была і сапраўдная альтэрнатыва.

Юлія Цяльпук, «Белсат»