Вернутыя палонныя і адкрыццё рынку зямлі – год прэзідэнцтва Уладзіміра Зяленскага


Год таму прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заступіў на пасаду. І ўжо падчас інаўгурацыйнай прамовы звольніў кіраўніка службы бяспекі ды генеральнага пракурора. Пасля распусціў парламент і прызначыў датэрміновыя выбары. Палітычны эксперт Багдан Бандарэнка адзначае, што падчас прэзідэнцкай кампаніі ўся дыскусія ішла ў іншым кантэксце:

«Што будзе дастаткова слабы прэзідэнт, што цэнтр прыняцця рашэнняў перанясецца ў парламент. Зыходзячы з гэтага ўсе ацэньвалі архітэктуру далейшых чатырох ці пяці гадоў кіравання Зяленскага менавіта ў такім рэчышчы. А потым адбыліся парламенцкія выбары».

Партыя «Слуга народу» узяла большасць галасоў у Вярхоўнай Радзе, і парламент пачаў прымаць законы адзін за адным. Між іншага ўдалося адкрыць рынак зямлі, хоць паводле апытанняў больш за палову ўкраінцаў былі супраць.

«Гэты парламент пад пільным наглядам Зяленскага зрабіў тое, што не атрымлівалася ні ў каго. Яны знялі мараторый на продаж зямель сельскагаспадарчага прызначэння. І гэта вялікая перамога, бо палітычна гэта зрабіць было практычна немагчыма», – адзначае Багдан Бандарэнка.

Яшчэ прэзідэнт паспрыяў вяртанню палонных і зняволеных у Расеі маракоў.

«Як бы там ні было, 135 чалавек вярнуліся ва Украіну. І палітычныя зняволеныя, і нашыя маракі. І 75 чалавек выйшлі пасля Нармандскай сустрэчы. І нягледзячы на каронавірус і на тое, што новая сустрэча ў нармандскім фармаце не адбылася, мы змаглі даціснуць і вярнуць дадому яшчэ 20 чалавек. І гэта вялікая перамога. І мы вядзем новыя перамовы з Расеяй пра абмен», – падкрэслівае Уладзімір Зяленскі.

Але праблемаў у краіне не меншае – эканамічная сітуацыя пагаршаецца, наклала адбітак на яе і пандэмія каронавіруса. Ёсць канфлікты ўнутры прэзідэнцкай фракцыі.

«У каманду да Зяленскага, са словаў Ганчарука, прыйшлі тры тыпы людзей. Гэта людзі, якія былі за перамены, людзі, якія стаялі за прэзідэнта, і людзі, якія стаялі самі за сябе. Дык вось Ганчарук цвердзіць, што група тых апошніх, якія клапоцяцца пра ўласныя кармушкі, яна, на жаль, цяпер узяла верх», – тлумачыць палітолаг Пітэр Залмаеў.

З чатырох трыццаці пяці абяцанняў прэзідэнт выканаў толькі пятую частку, а паўсотні ўжо дакладна праваленыя. Не ўсе падтрымліваюць палітыку прэзідэнта ў справе Данбасу і спробы дамовіцца з Уладзімерам Пуціным. Але нават у гэтых умовах рэйтынг Зяленскага сярод украінцаў застаецца высокім.

Алег Рашатняк, Ірына Дарафейчук, «Белсат»