Веды – зброя супраць ушчыльнення


Звычайны магілёўскі дворык, такіх багата па ўсёй Беларусі. А ў ім – спакойнае жыццё, лавачкі для пенсіянераў, арэлі для дзетак, турнікі ды нават невялікае футбольнае поле. І дрэвы, пасаджаныя некалі жыхарамі.

Замест усяго гэтага ў мілым сэрцу дворыку на рашэнне гарадскіх уладаў мае з’явіцца новы дом.

«Дом, які будзе вышэйшы за нашыя хрушчоўкі, якія пасля мосту знаходзяцца ўсе ў расколінах. Пасля – змяншэнне дваровай тэрыторыі. 107 метраў квадратных застаецца на дзіцячую пляцоўку. У гэтых, якія прыдумалі гэтую будоўлю, іх кватэры большыя, чым яны нам робяць на два існыя дамы і на новабудоўлю», – скардзіцца на сітуацыю Таццяна Гарбунова, жыхарка дому № 19 на вуліцы Садовай.

Жыхары дамоў 14 па вуліцы Лазарэнкі і 19 па вуліцы Садовай складалі калектыўныя звароты, хадзілі ў гарвыканкам і да памочніка прэзідэнта па Магілёўскай вобласці.

«Яны баяцца нашага супраціву, мы шмат куды звяртаемся, але яны нас не чуюць, робяць выгляд, што не чуюць, але будзем далей звяртацца», – кажа жыхарка Ірына Вінаградава.

«Нам абсалютна нічога не абяцаюць і не кажуць. З намі не хочуць сустракацца», – зазначыла суседка Таццяна Гарбунова.

Таму жыхары пайшлі сёння на іншую, альтэрнатыўную сустрэчу… на тэму «Як супрацьдзейнічаць ушчыльненню». Паспяховым досведам адстойвання сваіх правоў падзяліцца з магілёўцамі прыехаў Віктар Барташэвіч. Грамадскі актывіст у сталіцы правёў не адну паспяховую кампанію.

«У мясцовай улады, у выканкамаў шмат касякоў, бывае шмат памылак. Усё гэта рэгламентавана 687 указам».

Актывіст распавёў, што можна зрабіць, калі не дапамагаюць ні размовы з чыноўнікамі, ні нават розгалас у медыях:

«Ну тэлефануйце, ну выйдзе артыкул, але будоўля надалей працягнецца, таму трэба глядзець, што ў дакументах: вывучайце заканадаўства, глядзіце гэтыя дакументы, знаходзьце парушэнні, пішыце ў міліцыю, пішыце ў пракуратуру, і вы дакладна гэтую справу спыніце».

Цяжэй спыніць, калі працэс пачаўся, таму лепш не дапусціць незаконнага будаўніцтва, сцвярджае Віктар Барташэвіч:

«Звярніцеся ў свой мясцовы выканкам, у аддзел архітэктуры і папрасіце паказаць план дэталёвага планавання і раздзел, які называецца «Функцыянальнае выкарыстанне тэрыторыяў». І вы пабачыце, што ў вас плануюць там пабудаваць».

Калі плануецца ўшчыльненне вашага двара, то актывіст раіць не марудзіць і, выкарыстоўваючы папярэднія ягоныя парады, змяніць некарысныя для вас планы ўладаў.

Вольга Старасціна belsat.eu