Валянцін Стэфановіч: чэргі на збор подпісаў – візуалізацыя незадаволенасці

У дажджлівы будзень няма такой чаргі, як у сонечны выходны, але збор подпісаў не спыняецца. Не палохае актывістаў і цікавасць міліцыі да іхных асобаў.

«У гэтыя выходныя, у нядзелю, відаць, спрабавалі мяне не пусціць на пікет: каля нашага пад’езду дзяжурылі на машыне без апазнавальных знакаў, і стаяў чалавек ля падʼезду і цікавіўся жыхарамі кватэры, дзе мы жывём», – распавядае магілёўка Кацярына Таланкова.

Яна – у адпачынку для догляду дзіцяці і збірае подпісы за Святлану Ціханоўскую. Кіраўнік жа ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай – блогер Сяргей Ціханоўскі – і прынамсі васьмёра ягоных паплечнікаў застаюцца ў ізалятарах часовага ўтрымання. Іх затрымалі ў Горадні 29 траўня па падазрэнні ў гвалце ў дачыненні міліцыянтаў.

Былы афіцэр міліцыі Мікалай Казлоў лічыць, што ўвага да затрымання блогера можа акурат дапамагчы зафіксаваць серыю службовых злачынстваў у дачыненні Ціханоўскага ды перакваліфікаваць справу, каб пакараць вінаватых.

«Міліцыя, на мой погляд, дэградавала ў прафесійным сэнсе. Мала таго, што яна апускаецца да аперацыі з удзелам прастытутак у дачыненні палітычных апанентаў Лукашэнкі, дык яна і робіць гэта на тым узроўні, на якім у іх цяпер прафесіяналізм – на самым нізкім», – адзначае Мікалай Казлоў.

Цягам 72 гадзінаў нікога з затрыманых не выпусцілі, гэта азначае, што тэрмін утрымання іх пад вартаю працягнулі да 10 дзён. Да 8 чэрвеня ім павінныя выставіць абвінавачанне ці вызваліць. Святлана Ціханоўская ўчора скіравала заявы ў ЦВК і Міністэрства ўнутраных справаў.

«Заўтра будзе зварот самой Святланы, які будзе распаўсюджвацца праз блогераў, у сацсетках. Зварот да людзей, да прэзідэнта, да ўладаў, да ЦВК, да міліцыі і гэтак далей. Мы гэты зварот рыхтуем», – распавядае прэс-сакратар Мвятланы Ціханоўскай, блогер Аляксандр Кабанаў.

Паводле праваабаронцаў, якія прызналі Сяргея Ціханоўскага палітвязнем, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі з пачаткам выбарчай кампаніі пагоршылася. Падлікі «Вясны» паказваюць, што цягам траўня ў Беларусі былі разгледжаныя паўтары сотні палітычна матываваных адміністратыўных справаў. Агулам за месяц прысудзілі 63 504 рублі штрафаў і 719 содняў арышту.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч прагназуе далейшае пагаршэнне сітуацыі ў сувязі з працягам збору подпісаў:

«Гэтыя вось вулічныя пікеты па зборы подпісаў, якія сталі яскравай дэманстрацыяй незадаволенасці дзейным прэзідэнтам грамадзянамі, гэтыя вялікія чэргі ўва ўсіх гарадах краіны – напэўна, гэтая візуалізацыя вельмі турбуе Аляксандра Рыгоравіча».

Тое, што ціск будзе ўзмацняцца, ускосна пацвярджаюць і апошнія выказванні Аляксандра Лукашэнкі: у тым ліку сённяшні загад кіраўніку Менску – Анатолю Сіваку:

«Я чакаю ад цябе і ад праваахоўнікаў поўнага парадку ў горадзе-героі Менску».

Між тым Валянцін Стэфановіч падкрэслівае, што збор подпісаў шляхам пікетавання ўстаноўлены дзейным выбарчым заканадаўствам і не ёсць парушэннем закону.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама