Валанцёры прапануюць дапамогу сталым і адзінокім людзям


Выходзіць з дому стала небяспечна! Падчас пандэміі каронавіруса найбольш уразлівымі аказаліся людзі сталага веку. На дапамогу ім прыходзяць неабыякавыя людзі, гатовыя набываць харчы і неабходныя лекі.

Чатырнаццацігадовы Віталь даўно марыў дапамагаць людзям. Цяпер, падчас эпідэміі каронавіруснай хваробы, ён гатовы прыносіць сталым і адзінокім людзям неабходныя харчы з крамы. Паслугі Віталя бясплатныя.

«Мне б пісалі ў «Viber», я прыходзіў, забіраў грошы. Ішоў у краму, вяртаўся, аддаваў усё, што набыў. Тое ж і з выгулам сабак», – распавядае малады валанцёр Віталь.

Ініцыятыву хлопца ўхвалілі бацькі. Абʼяву з прапановай валанцёрскай дапамогі маці Віталя размясціла ў Viber-чаце іхнага дому.

«У нас была адна ўмова – каб гэта тычылася нашага кварталу. Бо тут мы практычна ўсіх ведаем, зноў жа ў нас ёсць відэаназіранне. Мы лічым гэта дастаткова бяспечным варыянтам», – зазначае маці Віталя Таццяна.

Падобных прапановаў цяпер шмат. Людзі распаўсюджваюць абвесткі праз інтэрнэт і размяшчаюць на падʼездах сваіх дамоў. Блогер Мікола Дзядок зарганізаваў тэматычны Telegram-чат для камунікацыі людзей. У ім ужо амаль 350 чалавек.

«Я хацеў, каб у нас сярод людзей квітнелі ўзаемадапамога і гарызантальныя ініцыятывы салідарнасці, а не толькі спадзяванні на нейкую звышдзяржаву, звышіснасць, якая прыйдзе і ўсім дапаможа. Тым больш, што часта гэтыя спадзяванні не спраўджваюцца», – кажа ініцыятар пляцоўкі «Дапамога Беларусь» Мікола Дзядок.

У краінах Заходняй Еўропы такога кшталту самаарганізацыя распаўсюджаная. Гэтак, у Берліне суседзі абʼядноўваюцца дзеля сумеснага догляду за дзецьмі, а таксама дзеля дапамогі людзям сталага веку.

«Пры перадачы грошай альбо прадуктаў людзі стараюцца абмежаваць прамы кантакт, не перадаваць з рук у рукі. Проста прыносяць тое, што было закуплена, тое, што патрэбна. Бо сказаць дзякуй, мабыць, рызыкоўна», – распавядае жыхар Берліну Павел.

А ці скарысталіся б вы валанцёрскай дапамогаю ад незнаёмых людзей? Мы запыталіся на вуліцах Менску.

«Я яшчэ пакуль на нагах і магу сябе абслугоўваць. Я не хачу напружваць людзей, якім, можа, трэба болей».

«Калі б трэба было, то звярталася б. А так не, пакуль сама хаджу сваймі нагамі. Пакуль дзеці дапамагаюць, унукі».

«Я б хацеў такую дапамогу, каб нехта прыйшоў памыў вокны ў мяне. Хоць у мяне першы паверх, невысока. Але я не магу ўжо, і жонка сталая мая».

Пакуль, адзначаюць валанцёры, іхная дапамога, нават пры надзвычайных сітуацыях, у Беларусі не надта папулярная. Людзі сталага веку, маючы нейкія патрэбы, перадусім звяртаюцца ў дзяржаўныя ўстановы. Паводле Менскага гарадскога цэнтру абслугоўвання сямʼі і дзяцей, з пачатку тыдня ў тэрытарыяльныя цэнтры па дапамогу з прадуктамі харчавання і лекамі звярнуліся 105 чалавек.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»