Валанцёрка вырушыла на Еўрапейскія гульні ў вазку, каб паставіцца на месцы людзей з інваліднасцю


Гатэлі, палацы, крамы, чыгуначны і аўтавакзалы. Наколькі гэтыя аб’екты дасяжныя для людзей з інваліднасцю? На пытанне спрабавалі адказаць аўтары адмысловага маніторынгу, які адбываўся падчас правядзення і падрыхтоўкі да Другіх Еўрапейскіх гульняў, ды які сёння прэзентавалі ў Менску.

Дзіла Абдулаева – валанцёрка Офісу па правах людзей з інваліднасцю. Дзяўчына правяла эксперымент: села ў вазок ды адправілася на Еўрапейскія гульні, каб на ўласныя вочы пабачыць, наколькі будуць дасяжныя тыя ці іншыя зоны маштабнага спартовага свята:

«Напрыклад, на стадыёне «Дынама» мяне чамусьці адправілі праз нейкі абход. Не вельмі прыемна было, калі я заязджала ў ліфт. Не магла ўтрымацца на вазку, бо ўваход у ліфт быў няроўны».

Аднак, паводле дзяўчыны, узровень рыхтавання спартовых абʼектаў для людзей з інваліднасцю досыць высокі – калі вымяраць па дзесяцібальнай шкале, то адзнакі вагаліся б ад 7 да 9 балаў. Эксперымент Дзілы, як і ацэнкі іншых валанцёраў, лёг у выніку ў даследаванне-маніторынг дасяжнасці Еўрапейскіх гульняў для людзей з інваліднасцю.

Сяргей Драздоўскі, адзін з аўтараў даследавання, Офіс па правах людзей з інваліднасцю:

«У прынцыпе, Беларусь і беларускія арганізатары здольныя ствараць якасныя элементы дасяжнага асяроддзя».

Гаворка перш за ўсё пра спартовыя абʼекты: стадыёны і спартовыя арэны, якія будаваліся апошнім часам або зазналі комплексную рэканструкцыю. Маніторынг паказаў, што, да прыкладу, з 63 аб’ектаў у 45 былі даступныя ўваходы з пандусамі ды парэнчамі. А вось інфармацыйная дасяжнасць Гульняў, цвердзяць аўтары маніторынгу, аказалася нулявая! Асабліва гэта датычыць людзей, якія маюць інваліднасць па зроку і слыху.

«На вялікі жаль, да нас не прыехала вялікай колькасці турыстаў з інваліднасцю, то бок мы не назіралі вялізнай хвалі. Гэта, хачу падкрэсліць, звязана з інфармацыяй. Людзі, чытаючы пра Гульні, не знаходзілі важнай для сябе інфармацыі, каб пачувацца спакойнымі і ўпэўненымі турыстамі», – тлумачыць адзін з аўтараў даследавання Сяргей Драздоўскі, Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Ці стаў агулам Менск зручным горадам пасля Еўрапейскіх гульняў, мы запыталіся ў мінакоў на вуліцах Менску:

«Асаблівых зменаў не заўважыў. Трэба чакаць цяжкія часы пасля ўсіх гэтых рухаў».

«Нашую вуліцу – Веры Харужай – трэба сказаць, заасфальтавалі. А больш неяк асабліва не заўважна».

«Дзесьці адрамантавалі дарогі, дзесьці падфарбавалі будынкі. Усё-такі нейкі плюс ёсць ад гэтага».

«Месцамі. Вы ведаеце, горад вялікі, таму сказаць, што я нічога не заўважыла, я не магу. Напэўна, дзесьці добра папрацавалі».

Аднак працаваць яшчэ ёсць над чым, кажуць адмыслоўцы, якія праводзілі даследаванне. І пачынаць трэба з распрацоўвання нацыянальных патрабаванняў да арганізацыі турыстычных і спартовых падзеяў – акурат у той частцы, дзе гаворыцца пра іх даступнасць для асобаў з інваліднасцю.

Віталь Бабін, belsat.eu