Ушчыльненне без згоды ў цэнтры Менску


Скрыжаванне вуліцаў Валадарскага і Гарадскі вал у сталіцы. Раней абапал дрэваў тут месцілася паркоўка МУС. Цяпер тэрыторыю абнеслі плотам ды рыхтуюць будаўнічую пляцоўку.

«Прыехалі і самым дзікім чынам спілавалі 23 дрэвы пладаносныя, у кветках вясновых, у лісці, жывыя – дрэвы, якім паўстагоддзя і больш», – кажа Уладзімір Драздоў, мясцовы жыхар.

На гэтым месцы мае паўстаць гатэль з трэнажорнай залай, рэстаранамі ды падземным паркінгам. Праект даручылі замежнаму забудоўніку – кампаніі «ВільнюсБудІнвест». Планы сталічных уладаў суседзям будучага гатэлю прыйшліся недаспадобы. Мясцовыя жыхары:

«Як будзе намі бачыць насупраць? Літаральна, разумееце, за некалькі метраў ад маіх вокнаў, будуць вокны будынку, дзе будуць хадзіць людзі».

«МУС жа не пераехаў, і 70 або 80 аўтамабіляў, якія яны тут паркавалі, яны цяпер туляцца ў нашых усіх дварах».

Гаворка пра забудову гэтай часткі гораду вялася і раней. У 2015 тэрыторыю выставілі на аўкцыён ды аддалі ў арэнду турэцкай кампаніі, што падала свой праект гатэлю. Супраць гмаху, а пасля і больш кампактнага будынку, выказаліся менчукі на грамадскім абмеркаванні. Пра цяперашняе будаўніцтва ў гараджанаў не спыталі. Дэталі сталі вядомыя – з пашпарту абʼекту.

«Яўна не адпавядае гэтая карцінка рэчаіснасці. У сапраўднасці гэтая вышыня будзе 27 метраў. 27, калі столь 2,70, а ў нас яны 2,50, гэта вышэй за дзесяціпавярховы дом, а тут карцінка – пяціпавярховік», – распавяла мясцовая жыхарка Людміла Агапонава.

Паводле ўмоваў аўкцыёну тэрыторыю выдзялялі на пяць гадоў. Аднак, калі тэрмін скончыўся, гарвыканкам папросту працягнуў дамову для новага забудоўніка.

«Мы ведаем шмат прыкладаў у цэнтры Менску, калі гэткімі ўказамі прэзідэнта вылучаецца зямля і зʼяўляюцца абʼекты, і праблема, што пры такім раскладзе гараджане не маюць магчымасці выказацца за або супраць. Бо грамадскія абмеркаванні, як правіла, не праводзяцца, калі гэта інвестыцыйная дамова», – кажа каардынатар таварыства «Генплан – для мянчан Дзяніс Кобрусеў.

Апроч ушчыльнення, на якое наракаюць гараджане, без грамадскага абмеркавання можа пацярпець унікальнасць гэтае гістарычнай часткі гораду, мяркуе архітэктарка Ілона Эльяшэвіч.

«У гэтым месцы не можа быць гатэлю, а што там мусіць быць, трэба праводзіць сапраўды якаснае даследаванне, зразумець, чаго хочуць людзі, або – як яны хочуць там бавіць час, а пасля – ужо як прафесіяналы, спрабаваць знайсці дзеля гэтага рашэнне», – мяркуе архітэктарка і ўрбаністка Ілона Эльяшэвіч.

Між тым праект ужо ўхвалілі, хоць і ўнеслі некаторыя карэктывы: архітэктурна-горадабудаўнічы савет пастанавіў зрабіць верхнія паверхі шклянымі ды нахільнымі, а першы паверх – падняць калонамі дзеля прасторы перамяшчэння пешаходаў.

Юлія Лабанава, «Белсат»