Унікальны праект віцяблянаў «Крокі на гукі»: невідушчыя людзі змогуць самастойна выходзіць у горад

У Віцебску распачаў працу першы гукавы маршрут для невідушчых людзей «Крокі на гукі». Цяпер людзі з кепскім зрокам могуць арыентавацца ў адкрытай прасторы з дапамогаю гукаў.

«Крок на гукі» стаўся новым словам у будаўніцтве безбар’ернага асяродку ў Віцебску, ініцыятарам якога выступіла абласное аддзялення Беларускага таварыства інвалідаў зроку. Скарыстацца новымі магчымасцямі змогуць паўтысячы невідушчых віцяблянаў.

Дзмітрый Халадовіч – інвалід зроку першай групы з дзяцінства: перастаў бачыць пасля захворвання на грып у трохгадовым узросце. Каб прайсці па вуліцы ці трапіць у будынак – мусіў мець правадніка ці прасіць дапамогі мінакоў. Пра новыя магчымасці адказвае з усмешкаю: добра ўжо тое, што хаджу сам.

«Карыстаючыся гэтым інфарматарам, я магу зайсці ў краму, не просячы дапамогі ў людзей. Я магу знайсці ўваход – нібыта я бачу», – кажа ДзмітрыйХаладовіч.

Праект «Крокі на гукі» – гэта адмысловая праграма ў тэлефоне і прылады-інфарматары на будынках дамоў: пры набліжэнні невідушчага чалавека з такой праграмай інфарматары дасылаюць гукавы сігнал.

«Яна арыентуе сваім гукам, які над уваходам, і я папросту крочу на гэты гук», – распавядае Дзмітрый.

Гукавы маршрут для невідушчых віцяблянаў – толькі першы і адзіны ў горадзе. Ён праходзіць па дзвюх вуліцах і абʼядноўвае некалькі будынкаў, у тым ліку месцы працы невідушчых, аптэкі і крамы. Віцебскае аддзяленне Беларускага таварыства інвалідаў зроку, якое ініцыявала праект, кажа, што гэта толькі пачатак і спадзяецца на дапамогу ў ягоным пашырэнні. Бо праект некамерцыйны і не мае дзяржаўнага фінансавання.

«Мы сустракаліся з прадстаўнікамі ўсіх паліклінік Віцебску і прынялі рашэнне, што ў трэцім-чацвёртым кварталах інфарматары будуць усталяваныя на ўваходах, каля ліфтаў і прыбіральняў, каб чалавек мог арыентавацца ў памяшканні», – тлумачыць старшыня БелТІЗ у Віцебску Канстанцін Ламчаноўскі.

«Крокі на гукі» – новае слова ў справе пашырэння безбарʼернага асяродку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі зроку. На сёння гэты праект рэалізоўваецца толькі ў Менску і Віцебску. У горадзе над Дзвіной цягам месяца ім скарысталіся больш за 20 чалавек. Хоць невідушчых у Віцебску – паўтысячы.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Глядзі таксама