Улёткі апазіцыйных кандыдатаў – забароненыя?

З асаблівасцямі беларускага палітычнага жыцця сутыкнуліся жыхары вёскі Малінаўка, што ў Менскім раёне. Ніяк не заангажаваныя ў цяперашнюю выбарчую кампанію, яны тым не менш адчулі на сабе ціск, які зазнаюць айчынныя апазіцыянеры.

Днямі, паводле Яўгена Філіпава і Валянціны Сомавай, да іх з вобшукам прыйшлі трое міліцыянтаў.

«Ён адчыняе гэтыя дзверы. Я зачыняю, пытаю – дзе санкцыя на вобшук? А яны сказалі, маўчы, іначай зараз паедзеш у аддзяленне», – распавядае Валянціна.

Прычынаю сталіся ўлёткі апазіцыйнай кандыдаткі на дэпутацтва ў Менскі абласны і Бараўлянскі сельскія саветы дэпутатаў Вольгі Беляўцовай. Яўген Філіпаў узяў агітацыйны матэрыял у краме і прынёс дадому, а таксама паказваў суседзям.

«Грамадзянін мае права браць друкаваны матэрыял, які быў надрукаваны законным чынам, і дзяліцца з іншымі грамадзянамі Беларусі. Усё адпавядае літары закону», – каментуе інцыдэнт Віктар Барташэвіч, давераная асоба Вольгі Беляўцовай.

Міліцыянты палічылі гэта незаконнай агітацыйнаю дзейнасцю.

Прэтэндэнтка на дэпутацтва мяркуе, што гэтая сітуацыя можа стацца падставаю для далейшага пераследу. Каб перадухіліць магчымы ціск, Вольга Беляўцова звярнулася ў пракуратару з просьбаю зладзіць правяранне па, цытата, «фактах перашкоды ў ажыццяўленні выбарчых правоў».

Апошні момант асабліва непакоіць кандыдатку

«Я цудоўна разумею, што ў гэтых трох паперах можна напісаць усё, што заўгодна. Як стварыць праблемы Яўгену. Так праблемы стварыць і мне», – даводзіць кандыдатка ў дэпутаты.

Мужчына ж тлумачыць прычыну згоды падпісаць пустыя паперы ціскам.

«Яны прымусілі мяне. Яны пагражалі мне. Калі ты не падпішаш паперы, завязем – там ты падпішаш», – даводзіць Яўген Філіпаў.

Выбары дэпутатаў мясцовых саветаў адбудуцца ў Беларусі 18-га лютага. Агулам зарэгістраваныя каля 22 000 кандыдатаў. З іх толькі прыблізна 150 – апазіцыйныя.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: apostrophe.ua

Глядзі таксама