Уладзімір Мацкевіч: Аптымальны ўдзел у выбарах – пад лозунгам «Ярмошыну ў адстаўку!»


Кандыдатаў у дэпутаты рэгістравалі ў апошнюю гадзіну апошняга дня, але толькі не тых, каго можна назваць дэмакратычнаю апазіцыяй. Выбірацца ў Палату прадстаўнікоў не пусцілі і дзейных дэпутатак – Алену Анісім і Ганну Канапацкую.

Дзейная дэпутатка і старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім вылучалася ў Стаўбцоўскай выбарчай акрузе № 70 шляхам збору подпісаў. Менавіта ў подпісах чальцы камісіі знайшлі падставу, каб адмовіць у рэгістрацыі.

«Чатыры чалавекі сёння не былі зарэгістраванымі кандыдатамі ў дэпутаты, і ўсе яны вылучаліся шляхам збору подпісаў. І ўсе яны атрымалі «чорную метку». Адзіны чалавек, які быў зарэгістраваны і вылучаўся шляхам збору подпісаў, гэта муж намесніцы старшыні райвыканкаму. Яна адказвае за эканамічныя пытанні, а ён – узначальвае прадпрыемства», – паведаміла Алена Анісім.

Адмовілі ў рэгістрацыі таксама частцы сяброў сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада». Але старшыня партыі Ігар Барысаў стаў кандыдатам у акрузе № 107. Гэтаму факту, аднак, палітык не надае вялікага значэння:

«Зарэгістравалі, але гэта такая фармальнасць: калі наступае момант падліку галасоў, то мы не бачым і не чуем, як гэта адбываецца. Імітуецца ўвесь працэс, і ў пратаколах з’яўляюцца лічбы, якія спушчаныя «зверху». На гэтым этапе і церпяць нашыя кандыдаты».

Адначасна Ігар Барысаў дамагаецца, каб Міністэрства інфармацыі прыцягнула да адказнасці шэраг інтэрнэт-выданняў за публікацыю паклёпніцкай інфармацыі адносна чальцоў партыі падчас выбарчай кампаніі.

Вось на гэтым стэндзе неўзабаве з’явяцца партрэты кандыдатаў у дэпутаты. Сёння завяршылася іх рэгістрацыя, і ўжо ад заўтра распачнецца перыяд агітацыі, у тым ліку, выступы на радыё і тэлебачанні.

Электаральная кампанія таксама скончылася для менскіх кандыдатаў ад руху «За свабоду» і іншых апазіцыйных палітычных сілаў, таксама праз адмову ў рэгістрацыі. У выбарчым штабе руху «Гавары праўду» не здзіўленыя забаронай далейшага ўдзелу для часткі для сваіх вылучэнцаў.

«Мы разумеем, што ўдзельнічаем у палітычнай кампаніі, а не электаральнай. Таму для нас кропка, дзе мы будзем даваць ацэнку сваёй працы – гэта наш форум 1 снежня», – сказаў кіраўнік выбарчага штабу Сяргей Вазняк.

Адна з самых аптымальных умоваў удзелу ў выбарчай кампаніі ў сённяшніх рэаліях для апазіцыйных партыяў і рухаў – удзел у выбарах пад лозунгам «Ярмошыну ў адстаўку», – мяркуе метадолаг Уладзімер Мацкевіч.

«Немагчыма выйграць выбары, гуляючы паводле правілаў і стратэгіяў, навязаных апанентам альбо ворагам. І калі сёння нашыя палітыкі гуляюць у тыя гульні, якія ім навязала спадарыня Ярмошына, то яна і навязала для таго, каб яны не мелі шанцаў выйграць», – кажа метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Наступны этап кампаніі працягнецца ўжо заўтра: з моманту рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты, яны атрымалі права весці перадвыбарчую агітацыю. Асноўны дзень галасавання прызначаны на 17 лістапада.

Галіна Абакунчык belsat.eu