Улады Воршы не пускаюць беларускую мову ў грамадскі транспарт

Ворша – радзіма першага друкаванага буквара па-беларуску і аднаго з найслыннейшых айчынных пісьменнікаў Уладзіміра Караткевіча. Аднак цяпер у горадзе роднай мовы застаецца ўсё меней. Вярнуць хоць бы агучку па-беларуску ў грамадскі транспарт вырашылі актывісты. Да кіраўніцтва аўтапарку пайшлі ўжо з прапановамі.

«Мы самі зробім агучку, не будзем у вас прасіць ніякіх грошай, знойдзем самых лепшых беларускамоўных настаўнікаў, якія ўмеюць добра гаварыць, з добраю дыкцыяй. І ўсё – ніякіх праблемаў. Намеснік дырэктара кажа: калі так, то зусім лёгка і проста. Мы згодныя. Адзінае, патрэбна, каб даў дабро аршанскі гарвыканкам», – кажа старшыня ТБМ у Воршы Юрый Нагорны.

Аднак з выканкаму прыйшоў адмоўны ліст. Маўляў, беларускую мову з транспарту пастанавілі прыбраць на просьбы жыхароў. Неўзабаве пасля адказу на сайце petitions.by распачалі збор подпісаў за абвешчанне прыпынкаў па-беларуску. Ці прымуць петыцыю да ўвагі?

Акаўнт несапраўдны? Першы беларускі байкшэрынг трапіў у скандал праз беларускую мову

На пытанні адказвае намеснік дырэктара аўтобуснага парку № 3 Віталь Цярэшчанка:

– У інтэрнэце з’явіўся збор подпісаў за вяртанне беларускай мовы ў аўтобусах аршанскіх. Скажыце, ці плануеце вы неяк заняцца гэтым?

– Не.

– А чаму?

– А таму, што ў нас дзве мовы дзяржаўныя ў рэспубліцы. І, калі нам пераводзілі ў школе назвы прыпынкаў і мы пускалі іх па-беларуску, вельмі шмат ад такіх, як вы, было нараканняў.

Паводле грамадскага актывіста Ігара Казмярчака, насамрэч справа – у прынцыповасці чыноўнікаў. Яшчэ чатыры гады таму яны спрабавалі дамагчыся абвестак па-беларуску, аднак аўтапарк і Аршанскі гарвыканкам спасылаліся адзін на аднаго нібыта ў нежаданні пайсці насустрач жыхарам.

«Мы падумалі, саграшылі, так бы мовіць, на некаторых чыноўнікаў, што, напэўна, гэта іхная асобная ініцыятыва, не буду называць, але чыноўнікі памяняліся, і вось цяпер зноў звярнуліся з прапановаю – давайце перакладзем абвесткі ў транспарце на беларускую мову, і зноў атрымалі адмову», – адзначае Ігар Казмярчак.

Між тым беларускай мовы бракуе і ў іншых сферах жыцця. Да прыкладу, штогод скарачаецца колькасць беларускамоўных класаў у школах. Цяпер колькасць першакласнікаў-навучэнцаў па-беларуску складае толькі 10 адсоткаў ад іх агульнае колькасці, вынікае са статыстыкі Белстату. Аднак праграмаў, што спрыялі б пашырэнню беларускай мову ў навучанні ды не толькі не зʼяўляецца. Ці сапраўды гэта адпавядае патрэбам жыхароў?

«Няма ніякай мяккай беларусізацыі». У Беларусі па-беларуску навучаюцца менш за 10 % першакласнікаў

Адказваюць жыхары Воршы:

«На жаль, беларускай мовы ў Воршы амаль што няма. Увогуле не тое, што не стае, а проста няма. Таму ў грамадскім абавязкова павінна быць».

«Абавязкова, абавязкова ўсе абвесткі і ў аўтобусах, і паўсюды на вуліцах. Ну як гэта магчыма: мы жывем у такой краіне і карыстаемся чужою мовай. Я толькі за родную мову!»

«Гэта нашая мова, наш горад, нашая краіна. Таму мова – мусяць абвяшчацца перапынкі па-беларуску. Таму што паступова мы так і пачнем камунікаваць і размаўляць па-беларуску».

На сёння Ворша – адзіны горад на Віцебшчыне, дзе прыпынкі ў грамадскім транспарце абвяшчаюць па-расейску. А таму працягваць змагацца за родную мову варта, мяркуюць актывісты і апытаныя намі жыхары. Да заканчэння збору подпісаў на сайце petitions.by засталося яшчэ два дні.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама