Улады ціснуць, людзі салідарызуюцца


Гэта Гомель – родны горад аўтара «Краіны для жыцця». Сёння вечарам падпісанты блогера, які адбывае 15-содневы арышт, зладзілі акцыю салідарнасці. Удзельнікі акцыі, Гомель:

«Сяргей Ціханоўскі – адзін з нешматлікіх блогераў, які паказвае праўду, у адрозненне ад праплачаных БТ, ОНТ і іншых каналаў».

«Ён вельмі шмат слухае людзей, дае ім магчымасць выказацца, усё гэта паказвае ў эфір, а далей людзі самыя прымаюць рашэнне, правільна гэта ці не».

Праз паўгадзіны ўдзельнікаў акцыі пачалі жорстка затрымліваць пры дапамозе АМАПу – усяго агулам каля 20 асобаў. Напярэдадні акцыі падтрымання прайшлі ў Горадні ды Менску, а на сустрэчу ў Магілёў людзі прыехалі з розных куткоў Беларусі. На той момант падпісанты «Краіны для жыцця» меркавалі, што блогера могуць трымаць у магілёўскім ізалятары. Уладзімір Рыжанкоў, намеснік начальніка магілёўскага УУС:

«Я яшчэ раз вас папярэджваю афіцыйна: калі вы не разыдзецеся, мы будзем прымаць захады. Я яшчэ раз вам кажу, наконт таго, чаму вы тут прысутнічаеце. Паслухайце мяне!»

Напярэдадні на магілёўскай кальцавой разам з блогерам затрымалі і ягоных кіроўцаў – Сяргея Лазаранку і Андрэя Ільюка. Аўтамабілі апячаталі, а кіроўцаў пратрымалі ў пастарунку 6 гадзінаў. Сяргей Лазаранка, кіроўца блогера Сяргея Ціханоўскага:

«Проста высвятлялі фармальнасці, звязаныя з нумарамі аўтаў. Ніякіх абвінавачанняў не прадʼявілі нам».

Затрымлівалі і ў сталіцы. АМАП і міліцыянты ў цывільным скруцілі і адвезлі ў міліцыю як мінімум 19 асобаў, якія планавалі зладзіць на Даўгінаўскім тракце аўтапрабег салідарнасці з блогерам. Валянцін Стэфановіч, праваабарончы цэнтр «Вясна»:

«Я баюся, што мы ў хуткім часе сутыкнёмся з істотным пагаршэннем сітуацыі ў краіне. Магчыма, са зʼяўленнем новых палітзняволеных. І вось такімі праявамі жорсткага падаўлення выступаў грамадзянаў».

«Я, Сяргей Ціханоўскі, беларускі прадпрымальнік і блогер, заяўляю аб сваім намеры ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты».

Гэтае відэа аўтара «Краіны для жыцця» зʼявілася сёння раніцай. Сваё жаданне браць удзел у выбарах Ціханоўскі патлумачыў просьбамі сваіх падпісантаў, якіх на сённяшні дзень налічваецца ўжо больш за 150 тысяч ды якія дзясяткамі прыходзяць на сустрэчы з ім па ўсёй краіне. Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік:

«Гэта кажа пра тыя настроі, якія зараз вельмі пашыраныя ў беларускім грамадстве. Настроі апатыі, недаверу, нават нянавісці да ўлады. Настроі адчаю ад эканамічнага і сацыяльнага становішча».

Што праўда, нягледзячы на папулярнасць каналу і яго аўтара, сярод беларускіх блогераў ёсць тыя, хто ставіцца да Ціханоўскага досыць насцярожана. Блогер Арцём Шапараў:

«Калі прыходзіць чалавек і вялікую суму грошай пачынае ўкладаць у праект, цалкам сябе аддаючы справе – а гэта відавочна – па 5 ролікаў на дзень. Я з адным ролікам на тыдзень ледзь паспяваю і працаваць, і здымаць. Таму мы сталі задаваць пытанні, на якія чалавек выразна не адказваў».

Ціханоўскі ж камунікуе з медыямі неахвотна: паводле аўтара «Краіны для жыцця», усё, што ён хоча сказаць людзям, ён і так кажа ў сваіх відэа.

Віталь Бабін, «Белсат»