Улады будуюць звалкі замест перапрацоўкі смецця – нават калі на гэта ёсць грошы


Паводле статыстыкі, кожны чалавек у сярэднім стварае да паўтара кілаграма смецця на дзень. Фота – Sergei Grits/Press Association/Forum

Новая смеццевая звалка неўзабаве з’явіцца ў ваколіцах Менску: яе плануецца адчыніць у паўднёвай частцы сталіцы. Яна мае замяніць найбуйнейшы смеццевы палігон «Прудзішча» і нават будзе пераўзыходзіць яго па памерах. Складванне адкідаў у звалкі – гэта тэхналогіі, шкодныя для наваколля. Чаму Беларусь не ўжывае найноўшых спосабаў перапрацоўкі смецця?

Сметнішча «Прудзішча», што побач з менскаю Чыжоўкай і Лошыцай, закрываюць пасля 50 гадоў актыўнай эксплуатацыі. Гару смецця вышынёю 75 метраў распачнуць кансерваваць ужо ў гэтым месяцы. Адначасова – у гэтым жа Магілёўскім кірунку – адкрываюць новы смеццевы палігон плошчаю 24 гектары. Гэтак паўднёвая частка сталіцы па-ранейшаму застанецца самаю бруднай у Менску.

Рэпартаж Галіны Абакунчык глядзіце ў поўным выданні навінаў за 5 верасня

«Магілёўскі кірунак нейкім чынам стаў сметнішчам Менску. Кажуць, што гэта праз ружу вятроў – маўляў, з Менску вецер дзьме часцей. Аднак гэта толькі ў 20 %, а ў 80 % ён дзьме ў розныя бакі і ў Менск у тым ліку. А калі тут набудуюць кучу сметнішчаў, смеццеспальваных заводаў… Кожны такі аб’ект пакрысе дадае рак і бясплоддзе – гэта даказаныя факты», – кажа жыхарка вёскі Серафімава, мясцовая актывістка Аліна Барташун.

Паводле статыстыкі, кожны чалавек у сярэднім стварае да паўтара кілаграма смецця на дзень. Толькі на «Трасцянецкі» смецце прывозяць 650 самазвалаў штодня і за год палігон павялічваецца на 800 тысячаў тонаў адкідаў. Аднак стварэнню новых сметнішчаў і смеццеспальванным заводам ёсць альтэрнатыва, сцвярджаюць адмыслоўцы.

«Стратэгія абыходжання са смеццем мусіць будавацца паводле некалькіх іншых простых прынцыпаў: базавы прынцып – змяншэнне колькасці смецця. Гэта датычыць і звычайных людзей, якія могуць зменшыць спажыванне пластыку, і рэчаў аднаразовага выкарыстання, але гэта таксама датычыць і вытворцаў ды сістэмы гандлю», паведаміла старшыня партыі «Зялёныя» Анастасія Дарафеева.

Прадукаванню і выкарыстанню экалагічна-бяспечных тавараў і тэхналогіяў ужо сёння ёсць удалыя прыклады. Уладальнікі менскай крамы «Zero Waste», або «Нуль адкідаў», якая спецыялізуецца на продажы экалагічна-чыстых тавараў.

«Нашая крама якраз і дапамагае зменшыць колькасць смецця і ў штодзённым сваім жыцці, і, натуральна, гэта дапамагае больш здароваму ладу жыцця, бо пластык – гэта ўсё ж не вельмі карысна для здароўя. Таму мы даем такую альтэрнатыву, як шматразовыя трубачкі, шчоткі, мяшэчкі з натуральных матэрыялаў», – кажа адна з заснавальніц крамы Святлана Гатальская.

Як жа праблему ўтылізацыі адкідаў жыццядзейнасці чалавека звесці да мінімуму? Можна сартаваць і шматразова выкарыстоўваць адкіды, існуюць і больш сучасныя тэхналогіі. Адмыслоўцы кажуць, што ўлады найчасцей выбіраюць шлях найменшага супраціву.

«Заўсёды ў развязанні гэтых пытанняў паўстаюць супярэчнасці паміж экалагічнымі і эканамічнымі інтарэсамі. І ў пераважнай бальшыні эканамічныя інтарэсы становяцца найбольш важнымі шмат для якіх краінаў», – заяўляе кіраўнік «Цэнтру экалагічных рашэння» Яўген Лабанаў.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця вылучае каля € 5 млн на рэканструяванне тэхналогіяў працы з адкідамі. Беларусь, аднак, плануе скарыстаць іх паводле звыклай практыкі: да 2021 года збудаваць яшчэ два палігоны для цвёрдых побытавых адкідаў у Пухавіцкім і Чэрвенскім раёнах.

Галіна Абакунчык, «Белсат»