Улады Берасця ўпершыню востра выказаліся пра акумулятарны завод

Або вярнуцца на ўзровень праектавання, або шукаць іншыя тэхналагічныя рашэнні – улады Берасця ўпершыню і даволі востра выказалі меркаванне пра акумулятарны завод, што будуецца пад горадам.

«Дай бог, каб закрылі, я была б вельмі салідарная з гэтым» – гэтак жыхары Берасця рэагуюць на інфармацыю пра закрыццё акумулятарнага заводу. Але што цяпер рабіць з ужо ўзведзеным будынкам?

«Я не ведаю, што там можна рабіць, цяпер улады павінны вырашыць гэтае пытанне».

«Нейкае іншае прадпрыемства засяліць».

«Офісаў там не зробіш, бо там яны нікому не патрэбныя».

«Як улады вырашаць, так і будзе», – кажуць жыхары Берасця.

Уласна гарадскія ўлады выказалі сваю пазіцыю наконт спрэчнай будовы. Падчас сустрэчы з кіраўніцтвам «Берасцегазаапарату» старшыня гарвыканкаму Аляксандр Рагачук назваў акумулятарны завод «самым вялікім гемароем для Берасця». Прынамсі ў гэтым пазіцыя гораду супала з пазіцыяй праціўнікаў будовы.

Алесь Абляк, праціўнік будаўніцтва заводу:

«Тое, што гэта гемарой – гэта на самой справе так, гэта ні ўладам не патрэбна, ні грамадзянам, жыхарам гэтага гораду».

Праўда, пазней у гарвыканкаме заявілі, што акрэсленне «гемарой» гучала не для запісу, а на самым прадпрыемстве «АйПаўэр» зняпраўдзілі інфармацыю пра ўзровень шкодных выкідаў, які паводле чыноўнікаў складае 340 кілаграмаў на год, замест абяцаных трох. А берасцейцы да заяваў пра спыненне заводу ставяцца з недаверам: маўляў, гэта хітрык для спынення пратэстаў перад Еўрапейскімі гульнямі.

«Потым, калі ўсё ўляжацца, то будуць пратаколы, што выкідаў нават менш за тры кілаграмы за год, а так вы ж бачыце, мы ўсё зрабілі, таму нечага тут галубоў карміць», – мяркуе жыхар Берасця.

Такой жа думкі прытрымліваецца і палітолаг Сяргей Нікалюк, ды адзначае, што берасцейцам варта працягваць змаганне:

«Любыя сумесныя дзеянні ідуць на добрае, галоўнае, чаго не стае ў нас у краіне, – станоўчага досведу сумесных дзеянняў».

Палітолаг падкрэслівае, што ўзначальваюць падобныя рухі звычайна палітыкі, але ў Беларусі афіцыйная прапаганда зрабіла ўсё, каб людзі палітыкі баяліся.

«Як толькі людзям здаецца, што гэта палітычнае дзеянне, яны ўхіляюцца ад яго. А ў Берасці ж повад абсалютна не палітычны, ён звязаны з галоўным для чалавека – яго жыццём, здароўем, таму гэтыя дзеянні там атрымаліся такімі ўпорнымі, і я думаю да фіналу яшчэ вельмі далёка», – каментуе палітолаг Сяргей Нікалюк.

У тым, што справа акумулятарнага заводу не завершаная, перакананыя і праціўнікі яго будовы. Тым больш, што фіксуюцца новыя парушэнні.

«Завод не працуе, так як ён працаваў раней, але ідзе зліў у каналізацыю, у адным з люкаў стаіць шчолач, якую сёння спрабавалі адкачаць у каналізацыю агульную», – гаворыць праціўнік будаўніцтва заводу Алесь Абляк.

Таму ў планах праціўнікаў акумулятарнага заводу і далейшае кармленне галубоў і «свінцовая вахта» ля будынку.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Глядзі таксама