Украіна і Расея не хочуць прыпынення агню?

Супольны цэнтр кантролю і каардынацыі рэжыму прыпынення агню стварылі ў першыя месяцы канфлікту, калі пра менскі перамоўны працэс нават гаворкі не ішло. Першапачаткова структура была неабходная і Украіне – каб развязваць тэрміновыя пытанні без пасярэдніцтва ўладаў ДНР і ЛНР, і Расеі – іхныя афіцэры маглі абсалютна легальна быць на ўкраінскай тэрыторыі.

Сёння гэты цэнтр не патрэбны ні аднаму з бакоў

«Расея ўзяла міратворчы курс – мы гэта бачым у словах Пуціна, і хутчэй за ўсё з такой пазіцыяй ён пойдзе на прэзідэнцкія выбары. Адпаведна наяўнасць тых афіцэраў там яму проста не выгадна, бо выведчыя звесткі ёсць і без іх, а цяпер яны толькі спрабуюць выціснуць з сітуацыі максімум у дыпламатычным плане», – упэўнены Алег Саакян, палітолаг і вайсковы аглядальнік з Украіны.

Адтуль і скаргі расейскіх афіцэраў на нібы напружаную абстаноўку, мяркуе эксперт. На нядаўняй прэс-канферэнцыі Уладзімір Пуцін чарговы раз заявіў, што расейскія вайскоўцы не бяруць удзелу ў канфлікце ва Украіне.

«Там сапраўды створаны пэўныя ваенныя, міліцэйскія фармаванні, якія ёсць самадастатковымі і гатовыя адбіць любыя буйныя ваенныя акцыі супраць Данбасу. Мы лічым, што гэта адпавядае інтарэсам людзей, якія пражываюць там, бо калі гэтага не будзе, тая разня, пра якую вы сказалі і нават горш, чым у Срэбрэніцы, будзе ажыццёўлена так званымі нацыяналістычнымі батальёнамі», – зазначыў Пуцін.

За тры гады вайны загінулі 10 000–15 000 тысячаў чалавек

У тым ліку каля 3 000 мірных жыхароў. Актыўныя баявыя дзеянні ў першай фазе канфлікту перараслі ў бясконцыя пазіцыйныя абстрэлы, у якіх бакі руцінна вінавацяць адзін аднаго.

«На акупаваных тэрыторыях працягваецца неакаланізацыя. Замяняюцца школьныя падручнікі, працягваецца інтэграцыя ў расейскую эканоміку. У гэтым годзе былі захопленыя шэраг прадпрыемстваў, былі настроеныя шэрыя каналы збыту як вугалю, гэтак і металу. Гэта значыць працягваецца сацыяльная ды эканамічная каланізацыя, і гэты працэс сёлета толькі ўзмацніўся», – даводзіць Алег Саакян.

Але далей гэты працэс не заходзіць

Мясцовыя ўлады спрабуюць утварыць з дзвюх квазірэспублікаў гэтак званую Наваросію, каб сканцэнтраваць грашовыя плыні з Расеі. У лістападзе лідар ДНР Аляксандр Захарчанка фактычна прымусіў падаць у адстаўку свайго калегу з ЛНР Ігара Платніцкага. «Луганская рэспубліка» да гэтага часу не мае сталага кіраўніка. Тым часам цывільнае насельніцтва жыве за сярэдні заробак $ 100-150 за месяц.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Christian Hartmann / Reuters / Forum

Глядзі таксама