Удзельнікі пратэстаў супраць інтэграцыі распавялі, чаго баяцца ад Расеі найбольш


У нядзелю ў Менску ўжо ў пяты раз за снежань прайшлі акцыі за незалежнасць Беларусі ад Расеі. У гэты раз не такія масавыя, як раней, але пратэстоўцы гэтаксама не згодныя з патаемнымі перамовамі кіраўніцтва дзяржавы аб эканамічным і палітычным аб’яднанні з Масквой.

Першая акцыя пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі адбылася апоўдні на Кастрычніцкай плошчы сталіцы і сабрала не больш за паўтары сотні асобаў. Чаму так мала? Арганізатары кажуць пра затрыманні, арышты і штрафы ўдзельнікам папярэдніх акцыяў пратэсту.

Лозунг застаецца нязменным: «Саюз з Расеяй – вайна і галеча». Пратэст перадусім супраць сакрэтных перамоваў аб паглыбленай інтэграцыі, дзе змест дарожных мапаў – пагадненняў аб парадку дзеянняў – улады трымаюць у таямніцы.

«Мы патрабуем, каб былі абнародаваныя тыя дакументы, якія па-махлярску, патаемна абмяркоўваюць за нашай спінай, прадаючы нашую Бацькаўшчыну. І мы патрабуем, каб былі вызваленыя нашыя паплечнікі, якія былі на плошчы 7-га, 8-га, 20-га, 21-га снежня, таму што вы ведаеце, што мінімум 10 чалавек, або больш, ужо на Акрэсціна», – кажа старшыня Рух салідарнасці «Разам!» Вячаслаў Сіўчык.

Удзельніца антыінтэграцыйнага пратэсту ў Менску. 29 снежня 2019 года. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

На мінулых мірных дэманстрацыях за незалежнасць Беларусі міліцыянты ў цывільным ужывалі фізічную сілу для правакацыяў, але затрыманні правялі пазней. Частка ўдзельнікаў атрымала штрафы – больш за Br 1200, некалькі асобаў сустрэнуць Новы год у ізалятары на вуліцы Акрэсціна. Таму тыя, хто ішоў пратэставаць сёння, ведалі пра пагрозы з боку ўладаў.

«Зараз такія падзеі адбываюцца, што краіна гіне. І для мяне гэта з болем у сэрцы ўспрымаецца, са слязамі на вачах, таму не быць тут гэта немагчыма», – кажа студэнт Станіслаў, які прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам Беларусі.

На Кастрычніцкай плошчы працаваў «адкрыты мікрафон» – любы ахвотны мог выказацца на тэму незалежнасці. Гучалі словы трывогі, што паглыбленне інтэграцыі ўцягвае нас у расейскія ваенныя авантуры – як ва Украіне і Сірыі. Былі і словы пра тое, што ў Расеі вялізныя рэсурсы, але народ жыве ў жабрацтве – дык навошта нам такі саюз?

«Самае небяспечнае, што нас проста далучаць, як нейкую аўтаномную акругу, і да нас прыйдзе разруха расейская», – непакоіцца ўдзельніца акцыі Анжэліка.

Праз дзве гадзіны мітынгоўцы маршам дайшлі з Кастрычніцкай плошчы на плошчу Незалежнасці, у суправаджэнні міліцыі ды інспектараў ДАІ.

Дзве акцыі, адно патрабаванне

Другая акцыя пратэсту – ланцуг неабыякавых людзей уздоўж праспекту Незалежнасці. Такі фармат арганізатары выбралі, каб знізіць верагоднасць арыштаў, але не толькі.

«Ланцуг – гэта магчымасць паказаць вялікую колькасць людзей на адлегласці, са сцягамі, якія стаяць побач і яўна дэманструюць сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў Беларусі», – тлумачыць старшыня Руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Удзельнікаў таксама было прыкладна 150, жывы ланцуг працягнуўся ад Галоўнага паштамту да будынку КДБ.

«Калі будуць падпісваць пагадненні, трэба рабіць больш масавыя мерапрыемствы, каб як мага больш людзей выходзіла менавіта пратэставаць. А каб проста пазначыць гэтыя пазіцыі, пратэст мусіць быць доўгатэрміновы», – пераконвае Дзмітрый Кучук з Беларускай партыя «Зялёныя».

Напярэдадні расейскі амбасадар Дзмітрый Мезенцаў заявіў, што Масква і Менск маюць вялікія шанцы дамовіцца аб падпісанні інтэграцыйных дамоваў на пачатку 2020 года. Гэта і трывожыць удзельнікаў сённяшніх дэманстрацыяў.

Удзельніца антыінтэграцыйнага пратэсту ў Менску. 29 снежня 2019 года. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Вось што кажуць удзельнікі жывога ланцуга:

«Як я магу быць за? Я супраць таго, каб намі нехта кіраваў. Мы самі здольныя. Проста мы цяпер не можам, мы цяпер акупаваныя іншай дзяржавай».

«Вельмі лёгка страціць незалежнасць, але адваяваць яе будзе немагчыма. Кепска, што выйшлі адзінкі, але адзінкі ратуюць свет, а не масавасць. Людзі пойдуць за тымі, хто будзе наперадзе».

Падчас жывога ланцуга ўдзельнікі падпісалі зварот да прэм’ер-міністра Сяргея Румаса, каб урад Беларусі апублікаваў усе інтэграцыйныя дарожныя мапы. Бо грамадзяне мусяць ведаць, як вырашаецца лёс краіны.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»