Удзельнік пратэсту: «У мяне была крыху ўтапічная думка, што сёння будзе эпахальная «дзвіжуха»

Тысячы амапаўцаў на вуліцах і сотні затрыманых у Маскве. На прагулку пратэсту ўлада адказала дэманстрацыяй сілы. Паліцыянты выштурхоўваюць людзей з бульвараў і плошчаў Садовага кальца. У адказ – саркастычныя воплескі грамадзянаў.

Кадры, падобныя да Менску 2011-га, сёння прыходзяць з расейскай сталіцы. Тысячы масквічоў пратэстуюць ужо чацверты раз за месяц. Улады не дапусцілі да выбараў у Маскоўскую гарадскую думу ніводнага апазіцыйнага кандыдата.

Кандыдатку на ўдзел у выбарах Любоў Собаль амапаўцы затрымалі перад акцыяй. Яе выцягнулі з аўта і пагрузілі ў паліцэйскі аўтобус. Антыкарупцыйная актывістка трымае галадоўку ўжо тры тыдні – пратэстуючы супраць адмовы выбаркаму яе зарэгістраваць.

А грамадзянаў кааліцыя незалежных кандыдатаў заклікала сабрацца на пратэст у пяць кропак на Садовым кальцы.

Грыгорый Яўлінскі, партыя «Яблоко»: «Мы патрабуем, каб была сапраўдная Маскоўская гарадская Дума, якая складаецца не з 40 асобаў, якія амаль ніколі там не бываюць, а не менш як са 110 чалавек для 12-мільённага гораду».

Улады дазволу на акцыю не далі. Удзельнікаў сустрэлі шчыльныя шэрагі АМАПу. Спачатку паліцыя выштурхала людзей за межы плошчаў і бульвараў. Неўзабаве пачала затрымліваць.

Сангаджы Тарбаеў, сябра грамадскай палаты Масквы: «Пабеглі паліцыянты, некага ўзялі, прывялі. Але ніякага збіцця, рукапрыкладства я не бачыў. Аднак у кожным канкрэтным выпадку трэба разбірацца».
Хоць відэазапісы сведчаць, што мірна затрымлівалі не ўсіх.

У Пецярбургу акцыю салідарнасці з масквічамі дазволілі. На плошчы Леніна сабралася 1000 чалавек. Затрымалі толькі дваіх.

Красімір Вранскі,рух «Прыгожы пецярбург»: «Мы павінныя быць адной краінай, адзінымі, каб змагацца з праблемамі, якія ёсць па ўсёй Расеі. Таму мы дамагаемся справядлівых выбараў у Маскве, Пецярбурзе і па ўсёй Расеі».

Сярод тых, хто дамагаўся свабодных выбараў у Маскве, у аўтазаках апынуліся каля 700 чалавек – перадае ОВД-інфо. У тым ліку і журналісты. Расейскае МУС ацаніла колькасць пратэстоўцаў на 1500. Удзельнікі лічаць ды і на відэазапісы сведчаць, што акцыя была больш маштабная.

Удзельнікі пратэсту:

«У мяне была крыху ўтапічная думка, што сёння будзе эпахальная «дзвіжуха». Гэтага не выйшла, але ўсё роўна гэта было крута. Крымінальнымі справамі ўладам не ўдалося запалохаць. Праз пяць-шэсць дзён пасля 27-га людзі паказваюць нейкую актыўнасць».

Адказ уладаў на 20-тысячны пратэст, што пракаціўся па Маскве тыдзень таму, быў жорсткі. 1400 затрыманых, з якіх 88 пакаралі арыштам, а 332 – штрафамі, а таксама тры крымінальныя справы, у тым ліку супраць Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага. Маскоўская і цэнтральная выбарчая камісія, нягледзячы на пратэсты, меркавання не змяняюць. Улады сцвярджаюць, што 57 незалежных кандыдатаў сабралі подпісы на рэгістрацыю з парушэннямі.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама