Суды, штраф і пратаколы. Улады помсцяць «Белсату»


Звычайны аўторак на Белсаце – адразу тры суды за супрацу з нашым тэлеканалам. Першы над фрылансерам Кастусём Жукоўскім. Журналіст нават пры жаданні ўжо фізічна не паспявае хадзіць на ўсе свае судовыя працэсы.

«Учора я атрымаў шэсць судоў – з розных судоў і розных інстанцыяў, некалькі пратаколаў, пара пастановаў. Нічога мяне не здзівіла – вось сёння адбыўся чарговы суд – 50 базавых штрафу па двум пратаколам. Адзін – за свіную чуму, бо другога пратаколу я і ў вочы не бачыў» – распавёў Кастусь.

Суды, суды, яшчэ суды…

У гэты ж час ягоныя калегі Любоў Лунёва і Зміцер Краўчук адказвалі за свой жнівеньскі сюжэт пра закрыццё школы № 210 у Шабанах.

«Белсат» на гарачыя дэбаты з пасадоўцамі раённага аддзелу адукацыі запрасілі самыя абураныя бацькі. Суд жа абурыўся працаю без акрэдытацыі і пакараў журналістаў штрафамі па Br 690 кожнага.

Не засталося судоў, дзе не судзілі за працу на «Белсат»

«На сённяшні дзень не засталося ні аднаго суду ў Менску, дзе б не разглядалі справы на журналістаў і аператараў тэлеканалу Белсат. Сёння будзе разгляд у Заводскім судзе – апошнім, дзе яшчэ не разглядалі нашыя справы», – зазначыла Любоў Лунёва.

Ужо паслязаўтра – чарговыя суды

Усё па тым жа артыкуле адміністрацыйнага кодэксу: незаконны выраб прадукцыі медыяў і праца без акрэдытацыі. Нашую калегу Ларысу Шчыракову чакаюць у Петрыкаўскім судзе за асвятленне візіту беларускай нобэлянткі Святланы Алексіевіч у ейную сярэднюю школу ў Капаткевічах. У пятніцу, у Глыбокім за супрацу з «Белсатам» будуць судзіць глыбоцкага журналіста Змітра Лупача.

Феміда прабіла дно антырэкордам

Лічба сёлетніх штрафаў ужо ў адзінаццаць разоў перавысіла леташнія дасягненні беларускай Феміды. У пераліку на сярэднія заробкі беларускіх шараговых міліцыянтаў, толькі за гэты год белсатаўскіх штрафаў хопіць трохі больш, як на тры гадавыя аклады. Калі ж узяць суму штрафаў за ўвесь час існавання каналу, то гэтыя грошы забяспечылі б пяць з паловаю беларускіх праваахоўнікаў на год. Тым не менш, а магчыма ў пэўнай ступені і дзякуючы такой увазе праваахоўнікаў, давер да «Белсату» толькі расце.

«Згодна з апошнім даследаваннем нашай аўдыторыі – распазнавальнасць гандлёвага знаку«Белсат» – 30 %, а сталая аўдыторыя – 10 %. Гэта вельмі вялікія паказнікі для беларускіх медыяў. Менавіта таму ўлады ціснуць на нашых журналістаў. Бо нас глядзяць, мы зʼяўляемся ўплывовым медыям, якое можа называцца агульнанацыянальным», – тлумачыць рэпрэсіі Аляксей Мінчонак, прадстаўнік тэлеканалу ў Беларусі.

Да ўжо дзясяткаў тысяч долараў штрафаў варта далічыць безліч затрыманняў нашых журналістаў, больш за сто содняў арыштаў, на нашыя офісы і кватэры калегаў прыходзілі з ператрусамі. І, відавочна, каб не губляць магчымасці судзіць нашых калегаў, «Белсату» чатыры разы адмаўлялі ў акрэдытацыі і дазволе на адкрыццё ў Беларусі карэспандэнцкага пункту.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»