У Віцебску паставілі яшчэ адну Дошку гонару – рыхтуюцца да «Дажынак»


На плошчы Перамогі ў Віцебску ўсталёўваюць новую Дошку гонару – стэлу з гербом і двума крыламі. Але ж які гонар без граніту? Паводле праекту, канструкцыю адштукоўваюць гранітнымі плітамі. Таму кошт збудавання сягнуў ужо 50 тысяч долараў.

«Тут нават няма чаго тлумачыць, бо плюсаў няма. Толькі вось што патрацілі грошы, паставілі яшчэ адно збудаванне на гэтай лысай плошчы, якую і так ужо знявечылі, дык працягваюць нявечыць далей…» – мяркуе віцебскі ўрбаніст Аляксей Андраянаў.

Пры гэтым Віцебск ужо мае абласную Дошку гонару – ля плошчы Леніна ў парку. Цалкам спраўная, ёй усяго 12 гадоў. Дык навошта яшчэ адна? Мы запыталі ў гарвыканкаме.

«Ну, на гэтае пытанне ўжо адказвалі, і пісьмова таксама, але гэта не маё рашэнне, таму я нічога патлумачыць не змагу», – кажа па тэлефоне намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын.

Афіцыйны адказ улады даслалі віцебскім актывістам яшчэ ў лютым.

«Размяшчэнне шыльдаў з назвамі арганізацыяў на Дошцы гонару ў месцы масавага перабывання людзей… выступае як форма арганізацыйнай культуры, стымулявання работнікаў да паляпшэння вынікаў працы», – гаворыцца ў адказе з гарвыканкаму.

Сёлета Віцебск прыме абласныя «Дажынкі». Апрача ўсталявання дошкі, запланавалі рэканструкцыю плошчы Свабоды, знос сцэны, замену чыгуннай агароджы ў парку Фрунзе.

«Замена гэтага вечнага чыгуннага плоту на гранітную балюстраду – гэта вялізныя грошы, на праект гэты будзе патрачана больш за мільён долараў, толькі на плошчы Свабоды. Але ў нашым горадзе не так шмат грошай, я лічу, і гэтыя грошы можна было накіраваць на нешта больш карыснае і каштоўнае для гораду, для жыхароў», – упэўнены Аляксей Андраянаў.

Ці не дарма патраціліся на дошку гонару, мы запыталі віцяблянаў:

«Па вялікім рахунку, грошы ёсць куды дзяваць – не толькі ў дошку гонару. Мы маглі б пусціць на іншае. Ну, улады лічаць, што гэта так трэба – дай бог, хай лічаць так. Прыйдзе час – і калісьці ж давядзецца здаваць справаздачу за ўсё, за свае бюджэты, як гэта расходуецца», – выказвае меркаванне жыхар Віцебску.

«Я б гэтых чыноўнікаў, якія гэта зрабілі, пакараў бы, каб мая ўлада была. Тут шмат за што можна пакараць. І за кошт, і за тое, што пастаўленая на праходзе, і якім мэтам яна служыць», – кажа мужчына.

«Усталёўваюць – значыцца трэба. Будзем глядзець на ганаровых людзей нашага гораду…» – выказваецца яшчэ адзін віцяблянін.

Але ж не на людзей. Паводле Палажэння аб Дошцы гонару, на яе трапяць гарады, раёны, арганізацыі – усяго 20 лаўрэатаў. А кожнаму лаўрэату – прэмію. Арганізацыям – па 100 базавых велічыняў, раёнам – 250, гарадам – 300. Агулам – 1000 базавых штогод з бюджэту. Можна дадаць да рахунку…

Зміцер Казакевіч, «Белсат»