У Віцебску не здымаюць метадонам з іглы, трэба ехаць у Наваполацак


Шторанку інвалід 2-й групы Сяргей з Віцебску пераадольвае больш за сотню кіламетраў, каб дабрацца да адзінага ў вобласці кабінету замяшчальнай тэрапіі метадонам, які месціцца ў Полацку. Сяргей – хворы на апіёідную залежнасць.

«А 6-й раніцы выходзіш з дому і каля трэцяй вяртаешся дадому. Цяжка, але ўжо прызвычаіўся. Вось так з болем і пераадольваю ўсё гэта. І іншай альтэрнатывы пакуль не бачу», кажа Сяргей.

Такі самы шлях рэгулярна робяць дзясяткі віцяблянаў – удзельнікаў праграмы замяшчальнай тэрапіі метадонам. Бо ў Віцебску кабінету метадонавай тэрапіі няма.

«Я езджу каля года з Віцебска, у мяне інваліднасць 3-й групы. Я павінен яшчэ і працаваць. У мяне сыходзіць практычна ўвесь дзень на дарогу з Віцебску ў Полацк», – расказвае адзін з пацыентаў метадонавай тэрапіі.

«Я раней ужываў наркотыкі, а ў Віцебску мне прапанавалі пігулкі, ад якіх таксама становішся залежным. І немагчыма на іх працаваць. Яны маюць меншы эфект, даводзілася красці і выжываць, не атрымлівалася ездзіць сюды і знаходзіць грошы», – кажа яшчэ адзін віцяблянін.

«Я не магу ані працаваць, ані рабіць чаго талковага. Проста не маю часу. Аддаю ўвесь час на дарогу, яна забірае энергію, выцягвае грошы», – наракае нарказалежны з Віцебска Віталь.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала замяшчальную тэрапію найбольш бяспечнай – няма рызыкі заражэння ВІЧ, паляпшаецца крымінагенная абстаноўка. Больш за тое – такая захада лічыцца таксама найменш эканамічна затратнай.

«Канешне, у сусветнай практыцы метад замяшчальнай тэрапіі ёсць самым эфектыўны ў барацьбе з наркаманіяй і ўжываннем вулічных наркотыкаў. У Беларусі праграма працуе з 2007 года. Якраз у нашым кабінеце ў Гомелі яна пачалася. Праз гэтую праграму прайшлі ўжо 400 чалавек», – расказвае нарколаг кабінету ЗТМ у Гомелі Станіслаў Кукушкін.

У Беларусі працуе 19 кабінетаў замяшчальнай тэрапіі, якія наведваюць каля васьмісот пацыентаў. У Віцебску 50 асобаў патрабуюць штодзённага лекавання. За пашырэнне праграмы і на Віцебск выступаюць актывісты грамадскага аб’яднання «Твой шанец».

«Нашай арганізацыі атрымалася данесці праблему наркаспажыўцоў Віцебску і Воршы да Міністэрства аховы здароўя. Міністэрства накіравала запыт з просьбай аб адкрыцці кабінетаў у Віцебскі аблвыканкам. Прыйшоў адказ, што плануецца адкрыць кабінеты ў Віцебску і Воршы ў першым квартале 2020 года», – паведаміў намеснік старшыні грамадскага абяднання «Твой Шанец» Сяргей Крыжэвіч.

Адкрыць такі кабінет у Віцебску планавалі і чатыры гады таму. Нягледзячы на тое, што нам удалося атрымаць пацверджанне гэтых намераў, нарказалежныя баяцца, каб і цяперашнія планы не засталІся толькі на паперы.

Зміцер Казакевіч, «Белсат»