У Вільні прайшла першая жалобная цырымонія Дня абаронцаў свабоды


(глядзіце матэрыял на 5.12 хвіліне)

Малітваю распачалі першую жалобную цырымонію да Дня абаронцаў свабоды ў Вільні, што прайшла ля тэлевізійнай вежы. Яе, як і будынак Сейму, у студзені 91-га шматтысячны натоўп добраахвотнікаў узяў пад сваю абарону.

«У той вечар мы з жонкаю ды сваякамі былі каля вежы, і сёння памятаю, як танк прыехаў, кружляў каля нас, мы апынуліся паміж танкамі і тэлевежай. І пасля з’явіліся салдаты і пачалі страляць».

«Па гэтым мосце ехалі танкі, і нам старшыня сказаў: «Разыходзіцеся». Але ніхто не сышоў, мы не баяліся ўжо нават смерці. Нам здавалася, што гэтак мусіць быць», – распавядаюць удзельнікі абароны Літвы.

У сакавіку 90-га Вярхоўны Савет Літвы абвесціў сваю незалежнасць ад СССР. Нашыя паўночныя суседзі першымі сярод савецкіх рэспублік заявілі пра аднаўленне суверэнітэту. Масква адказала эканамічнаю блакадай, і ўжо ў студзені 91-га, уначы з 12-га на 13-га, дзве калоны савецкай бранятэхнікі ўвайшлі ў Вільню.

«Самае страшнае было, калі мы вярнуліся дадому, і па Вільні пачалі ездзіць аўтамабілі з запісам голасу Ермалавічуса, які казаў, што вашая ўлада зрынутая і пераходзіць да працоўных».

Савецкія жаўнеры перадусім спрабавалі занЯць стратэгічныя абʼекты ў літоўскай сталіцы. У тую ноч ля тэлевізійнай вежы і будынку Камітэту радыё і тэлебачання загінулі 14 асобаў, параненыя былІ больш за тысячу мірных людзей.

«Для нас гэта вельмі важны дзень, дзень памяці, павагі, падзякі тым, хто свае жыцці аддаў за тое, каб мы былі вольныя».

«Я хацела паказаць дзецям, які дзень быў шмат дзён таму, бо іх яшчэ не было. Каб яны ведалі пра гісторыю Літвы, каб ведалі, што тут адбывалася, які быў кошт свабоды».

«Цяпер мы можам ганарыцца сабою, сваім народам, сваёй уладаю ды ўсім тым, што цяпер маем».

Узгадалі падзеі крывавай начы і ўдзень ля будынку Сейму. Там паднялі сцяг незалежнай Літвы і правялі вайсковы парад.

Юлія Лабанава, «Белсат»