«У Вас ёсць 24 гадзіны!» Лябедзька выклікаў Лукашэнку ў відэа на YouTube


Чвэрць стагоддзя ў Беларусі адзін нязменны кіраўнік краіны. У адрозненне ад нашых паўднёвых суседзяў: там ні цэнтрвыбаркам, ні самі ўкраінскія выбарнікі не ведаюць, хто неўзабаве ачоліць Украіну. Зацятая барацьба паміж кандыдатамі ідзе найперш на словах.

Зяленскі: «Я звяртаюся да Пятра Парашэнкі… я прымаю выклік… я чакаю на вас тут, на СК «Алімпійскі».

Парашэнка: «Я рады, што вы хоць і няўпэўнена, але прынялі запрашэнне правесці дэбаты».

Натхнёны тым, як ва Украіне палітыкі звяртаюцца да прэзідэнта і атрымліваюць ад яго адказы, свой зварот да Аляксандра Лукашэнкі скіраваў і беларускі апазіцыйны палітык Анатоль Лябедзька:

«Аляксандр Лукашэнка, я звяртаюся да Вас: у ліпені мінае 25 гадоў Вашага кіравання. Час падвесці рысу. Скажу адразу: я не маю намеру ўдзельнічаць у выбарах, якіх няма. Мяне не цікавяць рэйтынгі, я хачу задаць пытанні, на якія вы ніколі не даяце адказаў. Я запрашаю Вас у прамым эфіры адказаць на 25 пытанняў».

Адно пытанне за кожны год кіравання Лукашэнкі. Задаць іх маюць жыхары Беларусі. Якія гэта маглі б быць пытанні, мы даведаліся ў жыхароў Віцебску:

«Як можна на сённяшні дзень у тых умовах, якія ў нас ёсць, якія створаныя ў Беларусі, на такія заробкі проста пражыць цэлы месяц»?

«Хутчэй не пытанне, а пажаданне – быць дыпламатычнейшым».

«Няма пытанняў, усе бессэнсоўныя».

Але галоўным ёсць пытанне: ці згодзіцца ўвогуле Аляксандр Лукашэнка прыняць выклік і адказаць не на загадзя падрыхтаваныя пытанні, а на сапраўды набалелае:

«Ён не будзе мець адвагі адказаць на гэтыя пытанні».

«Ён не прызвычаіўся адказваць, напрыклад, маналогі рабіць – гэта так, але адказваць… але адказаць давядзецца рана ці позна».

«Наш прэзідэнт – ён даволі адкрыты, кажа, што думае, нават часам тое, што не трэба казаць».

«Наш прэзідэнт абраны народам, будзе адказваць народу, я не сумняюся».

«Паслухаць цікава, а што згодзіцца – не веру».

Першыя і апошнія дэбаты ў Беларусі з удзелам Лукашэнкі адбыліся ў 1994 годзе. Прыкладна тады і скончыліся «выхады ў народ», калі ён гутарыў з недабранымі загадзя суразмоўцамі.

Наспела неабходнасць вярнуцца да ранейшага фармату – наўпроставага дыялогу з народам, упэўнены Анатоль Лябедзька:

«У вас ёсць 24 гадзіны, каб адказаць на гэтую прапанову. Час пайшоў, і гэта не ўльтыматум, гэта народны дэдлайн».

Выклік зроблены, адказ – за Лукашэнкам.

«Делайте выбор: либо приходите, либо уходите».

Вольга Старасціна, Ян Вярбіцкі, belsat.eu

ВІДЭА
Лябедзька прапанаваў Лукашэнку адказаць на народныя пытанні або сысці ў адстаўку
2019.04.17 12:20