У свеце працягваецца каранцін, у Беларусі – спартовыя спаборніцтвы


Паліцыя Італіі разгарнула нябесны патруль, каб спыняць імаверныя зборы людзей. Колькасць загінулых ад каронавіруса там перавысіла 10 тысяч асобаў. Новы антырэкорд у колькасці смерцяў за дзень усталявала Іспанія – 838. Каб заахвоціць людзей сядзець дома, прэм’ер-міністр краіны паабяцаў захаваць працаўнікам іхныя заробкі.

У Беларусі ж на афіцыйным узроўні пра каранцін гаворкі не ідзе. Затое – з заўзятарамі на трыбунах праходзяць спартовыя спаборніцтвы. Гуляе сам кіраўнік Беларусі і дзеліцца антывіруснымі назіраннямі.

«Тут няма вірусаў ніякіх! Ты ж не заўважыла, што яны лятаюць? І я таксама не бачу!» – распавёў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

ВІДЭА
Лукашэнка, Зяленскі, Пуцін і Трамп. Хто больш баіцца каронавіруса?
2020.03.29 12:22

Працягваецца і Нацыянальная футбольная ліга. З дэзынфектарамі ды кантролем тэмпературы. Што да каранціну, у Беларусі ён дзее толькі для тых, хто нядаўна прыехаў з-за мяжы. Ці лічаць беларусы дастатковымі такія захады?

«Варта каранцін увесці, каб хаця б дзеці ў школу не хадзілі».

«Галоўнае – не панікаваць. Не паддавацца паніцы, і выкарыстоўваць парады Аляксандра Рыгоравіча: 50 грам, на трактар – у поле, і хакей. І ніякага віруса не будзе».

«Закрыць усё на каранцін, прынамсі, пакуль ёсць магчымасць. А так, спускаць на самацёк? Калі ўжо стане зусім кепска, пачнуць дзейнічаць».

Аднак там, дзе для адных забароны адсутнічаюць, прысутнічаюць для іншых. Тэлеграм-каналу «Нехта» стала вядома, што на Віцебшчыне, дзе быў зафіксаваны адзін з першых выпадкаў каронавіруса, цяпер забаронены ўезд і выезд для міліцыі.

Hавiны
Міліцыянтам забаранілі выязджаць і ўязджаць у Віцебскую вобласць
2020.03.29 15:51

«Агулам у нашым ведамстве ўсе камандзіроўкі ў вобласці рэкамендавалі выключыць. Выязджаць за межы свайго рэгіёну працаўнікі могуць у выпадку самай экстранай неабходнасці. […] Гэта робіцца з эпідэміялагічнымі мэтамі: для пазбягання кантактаў, прафілактыкі, недапушчэння вірусных захворванняў», – адзначыла афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава.

Тым часам апошнія звесткі аб колькасці захварэлых у Беларусі былі агучаныя толькі ў пятніцу. Тады як усе краіны-суседкі абнаўляюць статыстыку штодня. Не дзіва, што часцяком гучаць галасы пра тое, што ўлады могуць хаваць інфармацыю. У тэлефоннай размове з блогерам «Народнага рэпарцёра» мянчанка распавяла, што медыкі не паведамілі пра наяўнасць Сovid-19 у ейнага сваяка, пакуль стан здароўя не стаў крытычным.

«Дзядзька праляжаў тыдзень у пульманалогіі з пнеўманіяй. І ніхто за тыдзень – нічога. Усё ціха. У яго ВРЗЗ, ускладненае цячэнне», – распавяла Алена, сваячка хворага на COVID-19.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Беларусі – 94 выпадкі захворвання. Выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі – 32 асобы.

Юлія Лабанава, «Белсат»