У Стоўбцах пенсіянерам прапанавалі самім пакласці асфальт каля дому


На адной частцы завулку Сацыялістычнага ў Стоўбцах паклалі асфальт і ўсё добраўпарадкавалі, а да іншай часткі добраўпарадкаванне сюды не дайшло. Памяняць стары асфальт, паводле мясцовых жыхароў, ім прапанавалі за свой кошт. Жыхары адгалінавання завулку паказваюць стос дакументаў – тут дзесяцігадовая перапіска з гарадскімі ўладамі. І кожны адказ гучыць: завулак добраўпарадкуем, але пазней.

«А ў канцы, у выніку, нам наагул… Вось ёсць у нас папера, якая пацвярджае словы, што нам прапанавалі за свой кошт… Мы тут жывем усе пенсіянеры, ёсць інваліды, нам гэта зрабіць не па фінансавых магчымасцях», – распавядае жыхарка завулку Зінаіда Якімава.

Давялося спраўляцца ўласнымі сіламі яшчэ чатыры гады таму, калі пенсіянеры за свае грошы памянялі водаправод на вуліцы. Чакаць дапамогі ад райвыканкаму не выпадала, а напор вады ў кранах з кожным днём менеў.

«Насельнікі паставілі пытанне аб пракладцы водаправода. Нам заявілі, што можам зрабіць толькі за свой кошт, што мы і зрабілі. Нанялі тэхніку, пракапалі канал, паклалі трубы, засыпалі», – скардзіцца жыхар завулку Эдуард Брода.

За час, пакуль пенсіянеры прасілі ўлады ў лістах і на асабістых прыёмах добраўпарадкаваць ім дарогу, гэтую дарогу добраўпарадкавалі каля дамоў чыноўнікаў. Мясцовыя ўпэўненыя, што суседзі плацілі не са сваіх гаманцоў.

«А мы засталіся ні з чым», – дадае Зінаіда Якімава.

Фізічна дужаму чалавеку па той частцы завулку, якую пенсіянеры патрабуюць заасфальтаваць, прайсці можна без асаблівых складанасцяў. А вось самім пажылым жыхарам – складана.

«Складана перасоўвацца, таму што няроўна. Асфальт гэты таксама мы калісьці самі клалі, а ён ужо павыбіваўся, няроўна, ямы ёсць. Дрэнна хадзіць. Асабліва як я дрэнна бачу, вельмі цяжка», – кажа іншая мясцовая жыхарка, Марыя Брода.

У райвыканкаме Стоўбцаў падчас нашага візіту спецыяліста, які валодаў бы поўнай інфармацыяй аб завулку Сацыялістычным, не было на месцы. Спецыялісты патэлефанавалі намесніку старшыні райвыканкаму Аляксандру Цывака, але дамовіцца пра сустрэчу не ўдалося.

Вольга Беляўцова, юрыстка, прапаноўвае адзіны варыянт дамагчыся ўвагі і дапамогі ад уладаў:

«Калі яны незадаволеныя, ім трэба яшчэ больш звярнуць увагі на гэтую праблему. Звярнуцца ў вышэйшую арганізацыю, гэта Менскі абласны выканаўчы камітэт, апісаць гэтую праблему, калі не падзейнічае – звярнуцца ў Адміністрацыю прэзідэнта».

Абласны бюджэт – інфармацыя адкрытая. Той жа Стаўбцоўскі раён можа пахваліцца бюджэтам больш як на 26 мільёнаў рублёў. Аднак прынцып размеркавання гэтых сродкаў – інфармацыя закрытая.

Відэарэпартаж Алены Дубовік глядзіце ў поўным выданні навінаў за 26 студзеня