У Расеі прайшлі акцыі ў гадавіну забойства Барыса Нямцова


Сёння ў Расеі згадвалі забітага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова! Ацаніць маштаб яго асобы можна хаця б па адным факце: ужо тры гады на месца забойства на мосце пад сценамі Крамля людзі нясуць кветкі.

Дзень Барыса Нямцова. У шэрагу расейскіх гарадоў сёння адбыліся акцыі памяці апазіцыйнага палітыка, забітага амаль тры гады таму. Найбольш масавая акцыя прайшла ў Маскве. Нягледзячы на моцны мароз, на Марш памяці Нямцова ў расейскай сталіцы выйшлі ад чатырох да сямі з паловаю тысяч чалавек.

Удзельнікі акцыі кажуць:

«27 лютага – дата трохгадовая са дня забойства палітычнага дзеяча Барыса Нямцова. Мы сюды прышлі, у гэты нядзельны сонечны дзень, адзначыць гэтую дату забойства палітычнага».

«Неяк за душу бярэ. Вельмі шмат Расея страціла вялікіх людзей, але вось менавіта смерць Барыса Нямцова да глыбіні душы кранае!»

У адрозненне ад іншых гарадоў, акцыю ў Маскве, як і ў Санкт-Пецярбургу мясцовыя ўлады дазволілі. Штопраўда, толькі з трэцяй спробы. І пагатоў на днях сталічная мэрыя пагадзілася на ўсталяванне мемарыяльнай шыльды на доме, дзе жыў Нямцоў – штопраўда, не на фасадзе, а ў пад’ездзе. Пры гэтым папярэднюю шыльду, усталяваную актывістамі, улады дэмантавалі, а новую дазволілі толькі пасля звароту кандыдаткі на прэзідэнта РФ Ксеніі Сабчак.

«Мне здаецца, Сабянін вырашыў усталяваць шыльду, таму што працягваўся ціск цягам трох гадоў. Пры тым, што рабілі гэта самыя розныя людзі. Збіраліся подпісы пад петыцыямі, людзі працягвалі прыходзіць на мост, валанцёры дзяжурылі. Была спроба ўсталяваць шыльдачку ўжо на доме, дзе Нямцоў жыў», – кажа суарганізатар акцыі Ілля Яшын.

Ад трохсот пяцідзесяці да дзвюх тысяч чалавек выйшлі на памятную акцыю ў Санкт-Пецярбургу.

Удзельнікі акцыі ў Пецярбурзе кажуць:

«Чалавек, які задзіночваў нас калісьці. І лёгка, проста, даходліва выказваў тыя думкі, якія хаатычна насіліся ў нас у галаве. Зараз яго няма, і нам вельмі яго не хапае».

«Важна аб’яднацца з усімі, хто хоча змяняльнасці ўлады, Нямцоў менавіта за гэта найбольш выступаў».

«Найперш гэта сімвал тае альтэрнатывы, па якой магла пайсці Расея, але, на жаль, не пайшла. Аднак застаецца надзея, што вернецца на той шлях».

Нягледзячы на традыцыйныя істотныя разыходжанні пры падліку ўдзельнікаў у паліцыі і арганізатараў, нават апошнія прызнаюць: сёлета ўзгадаць Барыса Нямцова на вуліцы выйшла куды менш людзей, чым у папярэднія гады.

«Нам хацелася б большага, але гэта той магчымы кампраміс. Альтэрнатываю была несанкцыянаваная акцыя. Але я думаю, што мемарыяльная акцыя – гэта не той фармат, дзе трэба было б імкнуцца да развіцця падобнага сюжэту», – адзначыў суарганізатар акцыі Максім Рэзнік.

Барыс Нямцоў быў застрэлены ў ноч на 28 лютага 2015 года літаральна пад сценамі Крамля. Праз два з паловай гады маскоўскі суд прызнаў вінаватымі ў забойстве апазіцыйнага лідара пяцёх нарадзінцаў Чачэніі. Аднак імя таго, хто загадаў забіць Нямцова, афіцыйна правасуддзе гэтак і не назвала.

 

Валер Руселік, «Белсат»

Фота – Sergei Fadeichev/TASS