У Пяцігодцы не хочуць жыць пад самалётамі


Для тых, хто ў паветры, – зручныя авіяпералеты, для тых, хто на зямлі, – нязносны шум. З адкрыццём у нацыянальным аэрапорце другой узлётна-пасадачнай паласы змянілася жыццё жыхароў вёскі Пяцігодка.

Прагрэс, зразумела, не спыніць, але ці магчыма скарыстацца з вынаходніцтваў і ўсталяваць антышумавыя канструкцыі?

На просьбу мясцовых жыхароў мы прыехалі ў Пяцігодку 17 траўня і сталі сведкамі, як верталёт МНС блізу вёскі транспартуе часткі самалёта «Ту -134». Увечары адная з тых частак упала на зямлю. Вёска ў зоне падвышанай рызыкі: адразу за ёй пралягаюць трубы газаправоду «Дружба». 10 гадоў таму над Пяцігодкаю пацярпеў аварыю расейскі лятак авіякампаніі «S-AIR». А мясцовым дадалася яшчэ адная праблема.

Жыхары вёскі Пяцігодка, якая месціцца менш як за 2 кіламетры ад новай узлётна-пасадачнай паласы Нацыянальнага аэрапорту «Менск», не вытрымліваюць шумавога цяжару. Самалёты прызямляюцца літаральна над стрэхамі дамоў. Цярпяць і пенсіянеры, і дзеці.

Часамі вяскоўцы здымаюць самалёты, што нізка ляцяць, на відэа, каб пасля паказаць журналістам. Мясцовыя сведчаць:

«Я сёння а 1:28 пасля аперацыі прачнуўся – самалёт ляцеў над самым дахам, такі гул быў, што я падскочыў з ложка».

«Прачынаешся і а другой, і а чацвертай. Ну добра я, бабуся, бывае, пакручуся-пакручуся, бывае, засну, бывае, не, але ўнукаў прывязуць, – два гадкі ды чатыры – ну дзе ж дзіцяці патлумачыш: спі, унучак, самалёцік паляцеў?»

«Калі ў 2011 і ў 2017 годзе праводзіліся замеры, і яны перавышалі ўсе магчымыя нормы, то на сённяшні дзень у нас ёсць адказ, што перавышэнне шуму складае 1 дэцыбел, насамрэч, мы лічым, што гэта не так».

Яшчэ на стадыі праектавання ўзлётна-пасадачнай паласы прадугледжвалася адсяленне вёскі. Пацвярджае гэта дакумент Канвенцыі Эспаа за 2011 год.

У адказе адміністрацыі Кастрычніцкага раёну за 2017 год – неабходнасць усталявання антышумавых канструкцыяў для жытла. Чаму дасюль для жыхароў не ўжылі аніякіх ахоўных захадаў?

«Каб мне адказаць на гэтыя пытанні, мне патрэбны тыдзень, каб разабрацца, каб падняць усе дакументы, каб запытаць Нацыянальны аэрапорт, каб з імі ўсё цалкам адпрацаваць, калі праводзіліся абследаванні», – распавяла нам па тэлефоне прадстаўніца Упраўлення архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Кастрычніцкага раёну.

Чыноўніку патрэбны тыдзень, а новая паласа ўжо запушчаная. Юрыст Грыгорый Фёдараў раіць жыхарам Пяцігодкі не здавацца: права на ахову здароўя да спрыяльны асяродак гарантуе Канстытуцыя Беларусі.

«Калі была працэдура «Ацэнка ўздзеяння на навакольны асяродак», то была і дзяржаўная экалагічная экспертыза. Заканадаўства дазваляе абскарджваць заключэнне экалагічнай экспертызы. Калі гэтыя дакументы ўдасца абскардзіць, напрыклад, у судзе, то ў гэтым выпадку аб’ект аўтаматычна нельга будзе эксплуатаваць», – кажа юрыст Грыгорый Фёдараў з грамадскага абʼяднання «Экадом».

Пакуль жа рэчаіснасць такая, што самалётаў над вёскай можа рэзка паболець. Бо неўзабаве першую паласу закрыюць на рамонт, і ўсе летакі паляцяць над Пяцігодкай.

Блізкасць населеных пунктаў да аэрапортаў – праблема агульнасусветная. У Бельгіі за просьбаю грамадзянаў улады адмянілі начныя рэйсы ў Нацыянальны аэрапорт «Брусель». А паштовая кампанія DHL, якая выкарыстоўвала яго ўзлётна-пасадачныя палосы, перанесла бізнес-актыўнасць у Дрэздэн, пазбавіўшы гэткім чынам аэрапорт вялікіх прыбыткаў.

Таццяна Уласенка, belsat.eu