У Полацку зладзілі фэст «На шляху з вараг у грэкі»


Рыцар-рэканструктар імкнецаа зняць сярэдневяковае адзенне. Ілюстрацыйнае фота

Пакатаць дзіця на старажытнай каруселі, паслухаць сярэднявечную музыку, патанчыць ці пакарміць сапраўдную казу – уявіць, як выглядала жыццё на нашых землях каля тысячы гадоў таму, цягам выходных можна было ў Полацку.

Тут прайшоў міжнародны фэст сярэднявечнай культуры «На шляху з вараг у грэкі» з удзелам рэканструктараў і майстроў з Літвы, Латвіі, Расеі ды Беларусі.

«Мы прадстаўляем на фэсце праект ранняга сярэднявечча, жыхары днепрадзвінскага рэгіёну, эпохі вікінгаў – ад канца восьмага да сярэдзіны адзінаццатага стагоддзя. Гэта балты, славяне, крывічы, варагі, якія тут былі таксама», – распавядае ўдзельнік фэсту з Віцебску Сяргей Бабенка.

Турнір на дзідах і двубоі, змаганне за дракары на прыстані і, як звычайна на фэстах сярэднявечнай культуры, апроч вайсковай праграмы на імпрэзе шырока прэзентаваны побыт тагачасных жыхароў.

Матэрыял Ірыны Дарафейчук глядзіце ў поўным выданні навінаў за 1 верасня

«Не засталося нейкіх зборнікаў рэцэптаў, у адрозненне ад таго ж пятнаццатага стагоддзя. Нашыя спробы грунтуюцца перш за ўсё на тых прадуктах, якія былі знойдзеныя. Тыя ж яйкі. Я раблю простую яечню – узбітыя яйкі, пасмажаныя на вогнішчы», – тлумачыць удзельнік фэсту з Віцебску Павел Клімчанка.

Віле Саруліене з літоўскага Рокішкісу прывезла на фэст найбольш старажытны спосаб прадзення:

«У нас у Літве да пачатку дваццатага стагоддзя пралі з дапамогаю верацяна і казалі, што найбольш тонкія ніткі атрымліваюцца менавіта на верацяне, а не калаўротам».

Значную частку фэсту арганізатары прысвяцілі дзецям – гульням, цацкам і забавам сярэднявечча. Драўляныя дзіцячыя цацкі былі ўжо ў Старажытным Егіпце, сцвярджаюць рэканструктары.

«А тут пад Ноўгарадам – знойдзеныя ветрачкі: таксама людзі марылі пра палёты, нехта назваў іх – вікінгаўскія дроны першыя», – распавядае майстар з Глыбокага Віктар Дудкевіч.

І нават звыклыя нам ды нашым дзецям каруселі ў дзіцячую забаву ператварыліся з цягам часу, адзначае Віктар Дудкевіч:

«З дванаццаці год рыхтавалі хлопца як ваяра, там убачыце каруселі – яна не толькі для забавы, а як трэнажор для воіна».

Фэст «На шляху з вараг у грэкі» – адная з ініцыятываў, што фінансуюцца Еўрапейскім Звязам праз праграму трансмежнай супрацы «Латвія – Літва – Беларусь».

Ірына Дарафейчук belsat.eu