У Петрыкаве знясуць спартовую базу веславання на байдарках і каноэ


У мястэчку Петрыкаў, што на Гомельшчыне, – усяго тры спартовыя школы для дзяцей. Застанецца дзве: гарадскія ўлады пастанавілі знесці спартовую базу веславання на байдарках і каноэ.

Жыхарка Петрыкава кажа: «І чым тады нашым дзецям займацца? Ісці ў спарткомлекс? І тое платныя, платныя. Ну не кожны ж можа выцягнуць гэтую платную. Цяпер заробкі ў нас маленькія ў параўнанні з іншымі. Таму ў нас адзіная аддушына была – гэта тут. Калі ўбяруць, то дзецям не будзе чым займацца».

У школе займаюцца 86 дзяцей ад 9 да 16 гадоў. Апроч навучання веславанню, займаюцца ў трэнажорнай зале, граюць у хакей ды футбол. База выгадавала чэмпіёнку свету па веславанні Марыну Літвінчук і дзясяткі майстроў спорту і кандыдатаў у майстрЫ спорту.

Данііл, гадаванец базы: «Я хачу стаць вялікім спартоўцам, як Марына Літвінчук ці Мікалай Хільман. Калі гэтую базу зачыняць, я ня ведаю, куды я буду хадзіць яшчэ…».

Трэнер Мікалай Хільман кажа, што чыноўнікі прапанавалі замест гэтай базы збудаваць новую. Але ён ставіцца да іхных словаў скептычна : «Мы не верым. Калі вы не можаце знайсці 60 тысячаў на рамонт, вы не знойдзеце грошай но новую пабудову. Хаця б такую ж. Але навошта ламаць тое, што ёсць, калі не зробіш лепшага?»

60 тысяч рублёў, пра якія ідзе гаворка, гэта грошы, патрэбныя на рамонт будынку базы. Трэнеры падлічылі, што знос будынку будзе каштаваць амаль такую жа суму. Але што там будоўля – грошай няма нават на новыя чаўнЫ ды вёслы.

Мікалай Бобрус, трэнер: «У нас 30–35 адсоткаў – толькі інвентару. Людзі стаяць на беразе, чакаюць сваёй чаргі. Я не магу сабраць людзей і з імі зрабіць плённую трэніроўку. Разумееце? Больш-менш з вёсламі, але з лодкамі… Рамонтніка як такога ў мяне няма. Я павінен прыходзіць і рамантаваць гэтыя лодкі. А лодкі ломяцца. Яны вельмі старыя».

Чаму чыноўнікі звярнулі ўвагу на гэтую базу, калі яна ўжо даўно ў такім стане? 3 ліпеня ў Петрыкаве чакаюць прыезду Лукашенкі. А таму…

Мікалай Мех, жыхар Петрыкава: «Пачалі рыхтавацца, пачалі аб’язджаць усе ўстановы. І вось прыехалі сюды. Кіраўніцтву вобласці будынак не спадабаўся. Быў выданы загад – знесці».

Пасля такога загаду людзі звяртаюцца да самога вінаваўцы ўрачыстасці.

Яўгенія Бобрус, трэнерка: «Аляксандр Рыгоравіч, адзіная надзея на вас. Калі ласка, дапамажыце адстаяць дзецям тое апошняе, што мы маем».

Пакуль дапамога ня прыйдзе, будынак базы будзе апячатаны, а дзецям прыйдзецца займацца на плывучым металічным пантоне.

Ян Вярбіцкі, «Белсат»