У парку Янкі Купалы руйнуюць падмуркі дому братоў Луцкевічаў


У менскім парку імя Янкі Купалы, на месцы якога да вайны быў жылы раён, працягваецца рэканструкцыя. Тут знаходзяць артэфакты, якія могуць быць звязаныя з такімі вядомымі беларусамі, як браты Луцкевічы, Янка Купала, Змітрок Бядуля.

Аднак план рэканструкцыі парку не прадугледжвае ніякіх раскопак і даследаванняў. Падчас будаўнічых працаў былі знойдзеныя розныя прадметы, якія, магчыма, маюць мемарыяльную каштоўнасць. Напрыклад, пячная кафля, стары посуд, аптэкарскія пляшачкі ды флаконы ад парфумы. Тыдзень таму будаўнічая тэхніка ўзбілася на падмуркі. Схемы забудовы раёну, якія захаваліся да сёння, сведчаць, што гэтыя падмуркі належалі менавіта дому Луцкевічаў. Часткова падмуркі ўжо разбураныя.

Павел Каралёў з Музею Янкі Купалы паказвае, як ідуць будаўнічыя працы. «Тут я спускаюся, ну вот спусціўся на сантыметраў 20-25, і ўжо падмуркі. Гэта верхніх ужо няма, верхніх, ну, муроўкі».

Павел падаў заяўку ў Менгарвыканкам аб наданні падмуркам статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці. І паводле закону ўсе працы на тэрыторыі аб’екту павінныя прыпыніцца. Але ж каля падмуркаў усё роўна працягвала працаваць тэхніка.

«Было б вельмі крыўдна, калі б наш Менск, горад з тысячагадовай гісторыяй, але з вельмі невялікай колькасцю абʼектаў, закапаў ці наагул страціў яшчэ і такі абʼект – сакральны – звязаны з галоўнымі падзеямі ў нашай новай гісторыі», — кажа даследчыца беларускай літаратуры Ганна Севярынец.

Пракаментаваць сітуацыю ў парку Янкі Купалы мы папрасілі архітэктарку «Менскпраекту» Ганну Аксёнаву: «Разумееце, у нас увесь Менск у падмурках. Проста тут пад увагай аказалася гэта. І таму народ трошкі так глядзіць. Наагул, абʼект, калі будуецца, ён не паказваецца да таго моманту, пакуль не будзе пабудаваны».

Але грамадскі рэзананс, на думку Паўла Каралёва, наадварот, дапамагае зберагчы культурную памяць, а не ціха зруйнаваць яе.

«Рана ці позна ў гэтым месцы будзе музей, рана ці позна зʼявіцца магчымасць распавесці пра гэтых слаўных людзей. І, канечне, паказаць хоць частку сценаў, тых, якія зберагліся з тых дамоў,– гэта каштоўна», — зазначае Павел Каралёў.

На момант выхаду гэтага сюжэту будаўнічая тэхніка прыпыніла працу каля саміх падмуркаў дома Луцкевічаў. Адказу ж з Менгарвыканкаму аб наданні ім статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці ўсцяж няма.

Алена Дубовік, «Белсат»