У Менску правялі кірмаш вакансіяў для былых вязняў


Хтосьці з іх мае некалькі дыпломаў, хтосьці не мае спецыяльнасці ўвогуле. Аб’ядноўвае іх адно – яны выйшлі з месцаў пазбаўлення волі і шукаюць працу. Для былых вязняў у Менску правялі адмысловы кірмаш вакансіяў.

Уладкавацца на чыгунку ці ў псіханеўралагічны дом-інтэрнат, на завод жалезабетонных вырабаў ці завод перапрацоўвання смецця. У Менску адбыўся спецыялізаваны міні-кірмаш вакансіяў для былых вязняў.

«Чаго вы саромеецеся? Давайце, праходзьце, вы ж на працу прыйшлі ўладкоўвацца, давайце, давайце», – запрашаюць працаўнікі Упраўлення занятасці насельніцтва.

Вызваленыя асобы, з якіх яшчэ не знятая судзімасць, на падобныя імпрэзы хадзіць абавязаныя, кажа наведнік кірмашу Вадзім. Але ці дапамагае такая акцыя знайсці працу?

«Гэта проста намеснік начальніка ці проста сакратарка сядзіць, а калі прыязджаеш туды, начальнік глядзіць – усё, нават бессэнсоўна размаўляць, пагартае-пагартае і не задавальняе яго», – распавядае Вадзім.

Чыноўнікі часта вінавацяць у складанасцях з працаўладкаваннем самых былых зняволеных.

«Часта гэтая катэгорыя грамадзянаў не заўсёды хоча працаўладкавацца. Натуральна, нейкія праблемы вымалёўваюць у выглядзе заробку ці ўмоваў працы. Хто хоча працаваць заўжды знойдзе працу і будзе працаваць», – кажа кіраўніца аддзелу абслугоўвання грамадзянаў № 3 упраўлення занятасці насельніцтва Марына Сініцына.

З гледзішча былога вязня, пытанне працаўладкавання выглядае не такім простым.

«Я стаяў у цэнтры занятасці насельніцтва на ўліку, у мяне ёсць пасведчанні, і я атрымаў за 4 месяцы 158 адмоваў. Пры гэтым меўшы 5 дыпломаў будаўнічых і іншых спецыяльнасцяў», – распавядае былы вязень, гарадзенец Станіслаў Цыбінскі.

Прычынай для адмовы Станіславу Цыбінскаму працадаўцы называлі менавіта наяўнасць судзімасці. Ён далёка не адзіная такая асоба ў Беларусі.

«Парадку 20 тысячаў чалавек, якія вызваляюцца з месцаў пазбаўлення волі, ім патрэбная праца, дзейнасць, ім патрэбны нейкі накірунак, штуршок, падтрымка каб рэсацыялізавацца і вярнуцца назад у грамадства», – тлумачыць дырэктар праваабарончай арганізацыі «Платформа» Андрэй Бандарэнка.

Паводле праваабаронцы, дастаткова высокі ўзровень рэцыдыву ў Беларусі – каля 40 адсоткаў – звязаны акурат з тым, што выйшаўшы з месца пазбаўлення волі, чалавек не можа забяспечыць сябе і вяртаецца да крымінальнай дзейнасці, якая зноў прыводзіць яго за краты.

«Дапамогі няма, прадуктаў харчавання няма, адзення няма, абутку няма, наш беларускі цэнтр падтрымкі аказвае дапамогу. Такіх людзей у нас за гэты месяц больш за восем чалавек«, – распавядае Станіслаў Цыбінскі.

Цэнтралізавана ж займацца рэсацыялізацыяй былых зняволеных мае дзяржава, у тым ліку дапамагчы знайсці годную працу. На сённяшнім кірмашы заробкі ў большасці вакансіяў не перавышалі 600 рублёў.

Ірына Дарафейчук belsat.eu